epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Дзевяць асінавых колляў

(Балада)

Іх дзевяць, іх дзевяць асінавых колляў

Маю беларускую ганьбяць зямлю,

Іх тысячаў сотні, а можа, і болей,

Я ж толькі пра гэтыя дзевяць скажу.

 

Бушуе, лютуе, як злодзей, не дрэмле,

Крывёю людскою і п’яны, і сыт,

Нявіннымі трупамі выслаў ён землю,

Ён — фюрэр, раз’юшаны прускі бандыт.

 

Кішыць Егерштрасэ ў Берліне разгуллем

Блядых прастытутак арыйскай крыві

Ў садраных з дзяўчат беларускіх кашулях,

Трафеях германскіх войск з поля бітвы.

 

Засні, беларуская кветка-дзяўчына,

Салдат прускі выразаў грудзі табе,

Аслеплены бацька знайшоў дамавіну,

А матку павесіў фашыст на вярбе.

 

Разбойнік, грабежнік на гладкай дарозе,

На ўсю Беларусь свой грабёж распасцёр.

Народ мой скаваны трымае ў астрозе,

Рэспубліку ўсю абярнуў у касцёр.

 

Край родны абняты агнішчам пажараў,

Звініць ланцугамі скаваны народ,

Адно партызаны крываваю карай

Частуюць фашысцкае арміі зброд.

 

Адно толькі ў небе навале варожай

Прарочаць пагібель і смерць груганы.

О, край Беларускі, о, край мой прыгожы,

Цябе твае выбавяць хутка сыны.

 

Іх вывелі дзевяць маіх беларусаў,

Іх вывелі дзевяць яўрэяў маіх,

Зямлі беларускай людзей сівавусых,

Людзей непавінных, мне родных, блізкіх.

 

І дзевяць было іх скатоў, людаедаў,

Прыслужнікаў фюрэра, дзевяць сабак.

Навокал прасвету, ратунку ні следу,

Дзесь толькі на ўсходзе маячыць маяк.

 

Каманда: «Капайце, яўрэі, тут яму!»

Яўрэі капаюць, не знаюць каму.

І вырылі яму глыбей нетры самай

Сабе па загаду магілу, турму.

 

Загад людаедаў: «У яму, яўрэі.

А вы, беларусы, быстрэй засыпаць!»

А вокала свішчуць вятры-сухавеі

І зверы трывожаць балотную гаць.

 

Стаяць беларусы, яўрэі таксама

Ні з места, над ямай стаяць, як слупы.

«— Ну што? За лапаты, лапцюжныя хамы.

А вы, юды, ў яму...»

 

[1941-1942]


[1941-1942]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан