epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Дзве таполі

Там, за вёскай, у полі дзве стаялі таполі,

Як адна, дзве таполі стаялі,

І стагналі у полі сухавейна таполі,

Як адна, дзве таполі стагналі.

 

Аб Усходзе у полі ўсё шумелі таполі,

Як адна, дзве таполі шумелі,

І аб Захадзе ў полі лісцьмі пелі таполі,

Як адна, дзве таполі ўсё пелі,

 

Што пануюць у полі над дубамі таполі,

Як адна, дзве таполі пануюць,

Што начуюць у полі самаўладна таполі,

Як адна, дзве таполі начуюць...

 

Неба помсту у полі тут пачулі таполі,

Як адна, дзве таполі пачулі,

І навекі у полі дзве заснулі таполі,

Як адна, дзве таполі заснулі.

1911




Беларуская Палічка: http://knihi.com