epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Гарыслава

ПРАДМОВА
І


 

«Не хочу разути рабынича, а за Ярополка иду!»

(З адказу Рагнеды — княжны полацкай, Уладзіміру — князю ноўгарадскаму)

 

 

ПРАДМОВА

Гэй, павейце, разгуляйцеся,

Ветры вольны, лёгкакрылыя,

Над старонкай над крывіцкаю

Зашуміце, неўгамонныя.

Паміж небам і зямліцаю

Віхрам-птахам пранясіцеся,

Леты даўна прамінуўшыя

Уздымайце з чорна попелу.

Ўскалыхніце сэрцам каменным,

Звонам-вечам ды ўсё полацкім —

Хай звон звонка разгамоніцца

Дый раскажа быль бывалую.

Быль бывалую пра доч князеву,

Ту красавіцу ненаглядную,

Пра ту княжну пра свабодную,

Што Рагнедай называлася,

А пасля, што з гора горкага

Стала зваціся Гарыславаю,

А гардыняй недаступнаю

Кругом-вокала праславілась.

Пра яе вы, звоны вечавы,

Ветры буйныя, свабодныя,

Раскажыце свету цэламу

Быль бывалу ў землях Полацкіх.

 

І

Даўно-даўно было ўжо гэта,

Як там у запісах стаіць,

Дзе пішуць: вось такога лета

Было, павінна тое быць.

Шмат хмары вылілі вадзіцы,

Навек заснуў бор не адзін

І шмат павысахла крыніцаў

За гэты час. Патомак-сын

Бацькоў, застыўшых у магіле,

Забыўся ўжо аб іх жыцці —

Аб тым, як дома лад вадзілі,

Як на вайну умелі йсці

І як у славе уміралі

За чэсць і волюшку сваю.

Забыўся сын аб быўшай хвале,

Ў прыгон прадаў сябе, сям’ю.

Расою здоблючы чырвонай

Свае загоны і лугі,

Прыблуднай чэрні б’е паклоны,

Куе сабе сам ланцугі.

На батракоў здаліся ўнукі

На вольнай прадзедаў зямлі,

Пайшлі ў няволю без прынукі,

Як па вяровачцы пайшлі.

І праслаўляюць мазалямі

Парабаціцеляў сваіх,

Сябе згубіўшы між людзямі,

Паміж мучыцеляў глухіх.

Няма нікому заступіцца,

Збудзіць заснуўшыя званы,

Прызваць к жыццю жывой расіцай

Нямыя сведкі-курганы.

Так растачыла зніштажэнне

Сваё ўладарства ў старане,

Што воляй рдзела неадменне,

Як тое сонца ў вышыне.

Адно падчас у сумнай песні

Або у казцы дзе якой

Край праўды выгляне з-пад плесні

І ўскалыхне жывой душой.

Нямыя вербы над ракою

Зашалясцяць сухім лістом,

А далей дрэме ўсё ў спакою,

Ўсё спіць магільным рабскім сном.

Калі ж, калі ты, родна маці,

Старонка бедная мая,

Пачнеш ізноў выводзіць раці,

Да нова збудзішся жыцця?..

 

1912

 


17.05.1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў: У 9 т. - Т. 6. Паэмы, пераклады. - Мн.: Маст. літ., 1999. -430 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан