epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Гэй, наперад!

Гэй, наперад, покі сэрца

Б’ецца, рвецца на прастор,

Годзе млеці ў паняверцы;

Гэй, да сонца! гэй, да зор!

 

Хай бацькі стагналі ўчора,

Йшлі на той свет без пары;

Сёння ў нашай моцы гора,

Мы — жыцця гаспадары!

 

Думка ў думку, дружна, смела

Ўсе наперад грамадой!

Кожны ведай сваё дзела,

Знай, за праўду крэпка стой!

 

К новай долі шлях нам ляжа,

Як на небе Млечны Шлях,

Слова, дум ніхто не звяжа,

Жыць, цярпець не будзе страх!

 

І не стане больш пакуса

Першых-лепшых збоку браць,

Славяніна-беларуса

Вечна ў лапці абуваць.

 

Дык наперад, покі сэрца

Б’ецца, рвецца на прастор,

Годзе млеці ў паняверцы!

Гэй, да сонца! гэй, да зор!

1911




Беларуская Палічка: http://knihi.com