epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Гэй, паехаў сын Даніла...

Гэй, паехаў сын Даніла

Ваяваць на вайну,

Ад нападу, ад няволі

Бараніць старану.

 

Сына маці выпраўляла,

Крыж на памяць дала,

Каб матулю родну помніў,

Як паедзе з сяла.

 

А дзяўчына, міла сэрцу,

Правяла за сяло

І дала на памяць персцень,

Каб у бойках вязло.

 

Так паехаў сын Даніла

Сам сабой на вайну,

Азірнуўся на хаціну

Ды змахнуў слязіну.

 

Ехаў поле і другое,

Трэцце поле дасціг,

Дзе сабраліся жаўнеры

З сёл і вёсак ўсіх.

 

І пайшлі яны паходам,

Дружна, смела пайшлі,

Каб вон злыбяду прагнаці

З беларускай зямлі.

 

Добра ўсе там ваявалі,—

Уміралі ў баю.

А найлепш Даніла біўся

За краіну сваю.

 

Хто йшоў ззаду, а хто збоку,

Азіраўся назад,

А Даніла ўсюды ўперад

Выступаці быў рад.

 

І ручыла, шанцавала

Ў бітвах цяжкіх яму,

Ажно вораг напужаны

Дзіваваўся таму.

 

Год мінуў, як ваяваці

Шоў Даніла з сяла,

А ўжо слава па ўсім свеце

Аб ім громка ішла.

 

Як ачысцілі ваякі

Край ад ворага свой,

Важна ехалі дадому,

Як тых пчол буйных рой.

 

А наперадзе ўсіх едзе

Наш Даніла з вайны,

Шабля бліскае пры боку,

Конь пад ім буланы.

 

Ён вязе ўсім падарункі:

Маці срэбны абраз,

А сваей дзяўчыне мілай

Доўгі пацерак звяз.

 

1919


1919

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан