epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

"Гэй ты, дзяўчына, кветка-лілея..."

* * *

 

Ул. Станкевічанцы

 

Гэй ты, дзяўчына, кветка-лілея,

Вольная птушка сумнай зямліцы!

Сееш ты слёзы, думак уроду,

Слёзы-брыльянты яснай крыніцы.

 

Буйнай расіцай сыплюцца, льюцца,

Ніву багацяць... а што за жніва?!

Крыўда іх топча, гора марозіць,

Ведзьма-насмешка п’е іх лапчыва.

 

Суд негадзівы жаласць-гадзюка

Судзіць над шчырай слёзаў малітвай,—

Розум бязбожны над сэрцам слёзаў

Поўніць чын ката точанай брытвай.

 

Зорка, што бітвы й згоды варожыць

З неба нямога гэтаму свету,

Толькі яна йшчэ іх не пакрыўдзіць,

Слёзы атуліць у промень прывету.

 

Ды што планеты гэтай аковы

Скінуў і воляй вечнай маяча,

Дух такі вольны вольнага духа

Пойме і так жа ўкрадкам заплача.

1914




Беларуская Палічка: http://knihi.com