epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Гоніш мяне, панічок...

Гоніш мяне, панічок,

Ды не ў пору з хаты,

Што я бедны мужычок,

Доляй не багаты.

 

Гоніш з хаты, хаця я

Плаціў акуратне,

Хоць за гонькі, дом з гнілля

Драў ты грош астатні.

 

Ці ж на тое табе Бог

Даў багацця болей,

Каб ты бедных душыць мог,

Як быкоў у полі?

 

Гэй, з табой жа мы браты,

Як лічыць з Адама,

А ты гоніш?! Каб жа ты

Цягаўся таксама!

 

Каб цягаўся рабаком,—

Бо рабак ты з смецця,—

І пазнаў, як бедаком

Кепска жыць на свеце!

 

[1905-1907]


[1905-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан