epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Град

О вы, што век цэлы адзеты і сыты,

І з думкай адной, каб пражыць весялей!

Ці бачылі гора у вёсцы забытай?

Ці бачылі працу загнаных людзей?

 

Ці гнуўся з вас хто над сахою у полі?

Ці вёз з вас каторы да места дроў воз

На фунт які крупаў, на фунт які солі?

Ці пёкся на сонцы, ці мёрз у мароз?

 

Палац ваш смяецца з нядолі бядачай,—

Век музыка, песні і сытасці крык.

А там гэт, у вёсцы і стогне, і плача

Ваш брат, пагарджаны галодны мужык.

 

Пад потам арэ, барануе і сее,

Каб белага хлеба прыдбаці для вас,

А хто ж з вас яго у бядзе пажалее?

Паслухалі ж песні яго вы хоць раз?

 

Эй! песня ад вас, як ад пнёў, адаб’ецца;

Вы рады б і песню здушыць, апляваць,

Бо ў песнях шмат скаргаў на хціўцаў нясецца,

А ў скаргах бяздольных шмат праўды чуваць.

 

Гуляйце да часу уцехай шалёнай,

А можа, і памяць надойдзе калі.

Эй! каб не спаткала вас доля Нерона!

Рым можных шаленствы к упадку звялі...

 

Зайшоў я раз к пану за нейкай патрэбай;

Сяджу, аж тут з вёскі прыходзе мужык,

Худы, чуць жывы, знаць, даўно не еў хлеба,

Хоць, праўда, к бясхлеб’ю з іх кожны прывык.

 

Уйшоў, ўвесь трасецца, стаіць у парозе,

Баіцца йсці далей, ат, ведама, гад!

Ён толькі адважны дрыжаць на марозе,

Крывавы пот ліці, каб пан быў багат.

 

Стаіць, і ўздыхае, і слёзы ўцірае,

З нагі на нагу праступае ўсё так,

Гняце, знаці, думка яго неўдалая.

Аж пан запытаўся: «Што скажаш, бядак?»

 

«Паночку міленькі!—той гэтак азваўся.—

Будзь ласкаў, змілуйся над горам маім —

Дай хлеба ці жыта, я ўсюдых цягаўся,

Нідзе не дастаў, сам галодны зусім.

 

І дома сямёра дзяцей засталося,

Нятоплена печка, няма што варыць,

А дзеткі заводзяць, а жонка галосе...

Не йдзі хоць у хату, так цяжанька жыць.

 

Будзь ласкаў, паночку! Як будзе работа,

Я ўдвое за ласку табе адраблю.

Дай з пудзік, мей літасць над нашай бядотай,

Пазыч, бо ці ж буду я грызці зямлю?!»

 

І моліцца гэтак, і жаліцца гэтак,

А колькі слёз выліў, сам хіба не знаў,

Клянецца на жонку, клянецца на дзетак,

Што ён не гультай, а што Бог гэтак даў,

 

Што град выбіў збожжа усё да каліўка,

Так збіў, нібы конь пакачаўся ў траве...

А добра ж была так абсеяна ніўка,—

Як глянеш, здаецца, па ёй штось плыве.

 

«Эй! шчыра, паночку,— ён гэтак гавора.—

З сахой, з бараной увіваўся я ў полі;

Ару, бараную да поту, а скора,

А ўсё каб зрабіці, а ўсё як найболей.

 

Аж глянуці люба — абсеяў шнур цэлы:

Лялее пшанічка, авёс і ячмень,

Лялее другі шнур з жытцом, ужо белы;

Хаджу і любуюся кожненькі дзень.

 

Вот, думаю, будзе і крупак, і хлеба,

Што лішняе — ў Мінск павязу і прадам;

Вот будзе і солі, эй, ласкаў Бог з неба!

Аддам ў магазын і падаткі аддам.

 

Дарэмныя ж думкі былі усё гэта:

Нядолі праўдзівай, знаць, родны я сын!

Дарэмна я біўся вясну так і лета:

Усю маю працу дзень знішчыў адзін.

 

Раз неяк на небе з’явілася хмура;

Усякі з нас летняму дожджыку рад,

Але тут шла летняя страшная бура...

О, Божа, хаця б не пасыпаўся град!

 

Гром глуха грахоча пад небам высокім,

Прыціхнулі птушкі, схаваўся каршун,

Мігнула маланка адблескам далёкім,

Ударыў у елку гняўлівы пярун.

 

Свет пеклам здаецца, зямля раве дзіка,

А неба, сыпнуўшы маланак агнём,

Азвалася бурай шалёнай, вялікай,

Лясы затрашчэлі, дождж лінуў ліўнём.

 

Пайшоў я назаўтра к пасевам на поле;

Падходжу, дзе жыта, дзе шнур з ярыной,

Хацеў бы вярнуцца, не йсці ужо болей:

І смутна, і жудка, сам неяк не свой.

 

Прыйшоў, і... затрэсліся ногі і рукі,

Хацеў бы заплакаць — дый слёз не дастаў:

Дзе столькі ўлажыў я і працы, і мукі,

Мае ўсе пасевы з зямлёй град змяшаў»...

 

Так скончыў няшчасны свой жаль выліваці,

Па твары ж сляза за слязою бяжыць,

Як дзе летняй раніцай на сенажаці

Раса на травіцы вісіць і блішчыць.

 

Заплакаў бы, браце, я разам з табою,

Дый слёзаў цяперашні свет не ўзнае;

Сіл трэба магутных змаганню з бядою,

А слёзы, брат, высмеюць толькі твае.

 

Вы скажаце, пэўна, што пан злітаваўся,

Даў хлеба ці збожжа, памог у бядзе?

Ці ж знае, чым гора, хто з горам не знаўся?

Паноў такіх добрых няма, брат, нідзе.

 

Паны толькі могуць гуляці да поту,

І беднаму гэты пры мне сказаў там:

«Плаціў я улетку табе за работу,

Плаці ж і за хлеб мне: я дарма не дам!»

 

[1905-1907]


[1905-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан