epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Грайце, песні

Ці то позна, ці то рана

Чую нейкую напасць;

Дзе ні стану, дзе ні гляну —

Думка ўсюды голас дасць.

 

Неба, сонца, месяц, зоры,

Людзі, пушча, ўся зямля,

Ўсё да сэрца штось гавора,

Ўсюды бачу моц жыцця;

 

І пагодай, непагодай

Не магу драмаць, чакаць:

Так і хочацца заўсёды

Песню вечную снаваць;

 

Добрай доляй, дзіўнай казкай

Сон палошыць з хат нямых,

Пацяшаці сонца ласкай

І старых, і маладых;

 

Зваці, клікаць на пакосы,

На нязмераны прастор,

Хай зазвоняць смела косы,

Грукне ў лесе хай тапор;

 

Хай цярэбяць, косяць, звоняць,

Клік пускаюць на ўвесь свет,

Аж няўлады ўсе разгоняць,

Ляжа чысты роўны след.

 

Гэтак, покі сэрца чуе,

Што не час у шапку спаць,

Грайце, песні, хай красуе

Наш загон і сенажаць!

1911


1911

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан