epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Груган

Кожнай вясны, як выходжу

Свой засяваці загон,

Чорны груган вылятае

Знекуль — з няшчасных старон.

 

Крылле, як вехі, разняўшы,

Страшны затачвае круг:

Крумкае, гракае жудка,

Жудкі сплятае ланцуг.

 

Сумныя думы абсядуць,

Ног не павырваць з раллі.

Млее рука, а сявалка

Цісне і цісне к зямлі.

 

Восень як прыйдзе, і з поля

Выйду збіраці сяўбу,—

Гэты ж груган вылятае,

Гэту ж вядзе варажбу.

 

Звісне пад хмарамі зданяй,

Воч не спускае з мяжы,

Косці пасеяны ліча,

Ліча людзей і крыжы.

 

Гляну, і сілы слабеюць,

К думам сцікаецца жах,

Сціснецца сэрца ад болю,

Ноч замігціць у вачах.

 

Гэтак вось кожны год вечна,

Ў поле як толькі іду,

Знекуль груган вылятае

І наклікае бяду!

1919


1919

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан