epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Груган і салавей

Груган, сустрэўшы салаўя,

З сваяцтвам лезці стаў к таму:

«Ты родны мне, як бачу я,—

Хадзі ж, як брата абыму!

 

У нас з табой адзін фасон —

Як глюгі, крыллі і насы,

Птушына ў нас быццё і сон,

Птушыны маем галасы.

 

Дык што ж нам жыць так па сабе?

Пры том табою не гарджу,

Хоць я шмат большы ад цябе

І ў чорнай вопратцы хаджу».

 

«О, вельмі дзякую за чэсць! —

Адпеў салоўка з-над палян,—

Мо ў нас і адналькова шэрсць,

А ўсё ж такі ты, брат,— груган!»

 

1914


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан