epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Грузія

Грузія, дружная з сонцам краіна,

Як жа ты сэрца і думкі салодзіш!

Вочы тут бачаць цуды з’яў дзіўных,

Вушы тут чуюць напевы стагоддзяў.

 

Змерыў стагоддзі народ ваяўнічы,

Люд Цмерэцій, Кахэцій, Картэлій,

Песнямі скарбы радзімы вялічыў,

Вернасць і дружбу расціў з Руставелем.

 

Капае золата з променем сонца,

Золата ў нетрах залегла скалістых.

Думы, ах, думы лунаюць бясконца,

Колькі да песень парываў агністых.

 

З сонцам гадуе зямля вінаграды,

Побач галіны цытрын, мандарынаў,

Там залатых памяранцаў прысады,

Бурныя рэкі ў квяцістых далінах.

 

Сокам чырвоным наліты гранаты,

Дружна, бы яблыкі, дрэва абселі.

Шастае лісце пахучай гарбаты,

Лісце і шоўкам калышацца ў белі.

 

Сумна было тут. Драмаў з сваёй славай

Горды народ, а з ім спала прыселле.

Сон прамінуўся,— сны сталіся явай,

Горы, лагчыны гуляюць вяселле.

 

Край абудзіўся. Жыццё забурліла,

Глянулі ў неба палацы свабоды.

Бурныя рэкі — жывая іх сіла —

Выйшлі на службу герою-народу.

 

Вецер свабоды гуляе па скалах,

Скалы абнялі арлы, арляняты.

Домік у Горах абвеяны хвалай,

Домік — не домік — бядняцкая хата.

 

Той, хто з няволі рабочы люд вывеў,

Новыя вызначыў свету скрыжалі,

Той, хто народы збудзіў, ашчаслівіў...

Ў доміку гэтым убачыў свет Сталін.

 

Грузія, дружная з сонцам краіна,

Як жа ты сэрца і думкі салодзіш!

Вочы тут бачаць цуды з’яў дзіўных,

Вушы тут чуюць напевы стагоддзяў.

 

1938


1938

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан