epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

"Грымну я, грымну па струнах бунтарных..."

* * *

Грымну я, грымну па струнах бунтарных

Рукою, потам абмытай,—

Ліся, каціся па гонях папарных,

Розгалас песні забытай.

 

Доўга блудзіў я, блудзіў дзірванамі,

Крыж спатыкаў, дзе праходзіў;

Смехі, насмешкі нясліся з вятрамі,

Шла непагода ў народзе.

 

Жаль далятаў з недалёку, далёку,

Чулі жаль гэты каменні,

Чэз так прыгонна, самотна, нялёгка...

Церні, за цернямі церні.

 

Стрэну калі часам дзе прасвятленне,—

Злыбедай сонца зардзіцца;

Следам сыходзяць, ідуць пакаленні —

Ўсе ад цямніц да цямніцаў.

 

1908


1908

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан