epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Гутарка аб кепскім гаспадару

Кепска, калі кепскі

Ўдасца гаспадар,—

Сам у сваім доме

Ніякі ўладар.

 

У яго парадак —

Адпусці ты грэх:

І сабе на гора,

І людзям на смех.

*

Хата ў яго, хата —

Дзіркі на страсе,

З печы дым не ў комін,

А пад столь нясе.

 

На курынай ножцы

Пуня і хлявок,—

Вецер ім салому

Закасаў набок.

 

Зруб у студні з’ехаў,

Гразь цячэ ў ваду,

І асвер, і вочап

Толькі на бяду...

 

А платы навокал —

Тын і частакол,—

Дзе гнілая жэрдка,

Дзе зламаны кол.

*

Чыста ў яго, чыста —

Лад вядзе стары;

Лому, гною кучы,

Хоць ты падбяры.

 

З гноем пад нагамі

Граблі, вілы, крук,

Пад акном у лужы

Рыецца парсюк.

 

Рыцвіны ды ямы

Па дзядзінцы скрозь,

Ажно, калі глянеш,

Разбірае млось.

 

Сам ён непамыты

Лета і зіму,—

Дзедаў дзед не мыўся,

Дык чаму ж яму?..

 

*

Статак яго, статак

Не знайсці нідзе:

З поля і на поле

Чуць ідзе-брыдзе.

 

Конь сляпы, з ахватам,

Ходзіць абы-як,

Есць адна карова,

І ў таей кільчак.

 

Кашаль свінню душыць,

Ног не ўзніме кныр,

«Матылі» ў авечак —

Круцяцца, як вір.

 

Вылезла ў ягняці

Воўна дачыста,

А цялё за хлевам

Ходзіць без хваста.

 

*

Праца ў яго, праца —

Мабыць, згультаеў:

Рана спаць кладзецца,

Позна ўстае.

 

Дзе там нейкі трактар,

Дзе там нават плуг:

Ён сахой, як прадзед,

Гоні верне ў круг.

 

Паарэ на ўзрэхі,

Куст расце — расці!

Церабіць не варта,

Можна абысці.

 

Бараны жалезнай

Не спанатрыў ён,—

Смыкам дапатопным

Ёрзае загон.

 

Сеяць жа як выйдзе

Гэты свой узрэх:

Дзе насыпе кучу,

А дзе голы плех...

 

Збожжа ў яго, збожжа

Дзякуй ні за грош:

Неабходных дзёран,

Як абходных, больш.

 

Жыта паспляталі

Гірса ды званец.

У пшаніцы «сажа»,

Дурнап’ян-дурэц.

 

Вераб’ю авёсік

Толькі да калень.

Адно толькі вуссе

Выпусціў ячмень.

 

Бульба, як арэхі,

Па тры пад карчом,

Боб, гарох, капусту

Збэрсала свінчо.

 

*

Возіць з поля, возіць,

Што не згноіў дождж,—

Не збярэ ўмалоту —

Каласы, як хвошч.

 

Малацьба надыдзе,

Бо патрэбен хлеб,

Нашто малатарня,

Балазе ё цэп.

 

Таксама на арфу

Не прыйшла пара,—

Веялкай навее

Кубялок дабра.

 

Млын хоць недалёка —

Не прывык яшчэ:

Змеле ў жорнах жыта,

Ў ступе круп стаўчэ.

*

Сядзе есці, сядзе

За кульгавы стол,

Траяногі зэдаль

Чуць не рыне ў дол.

 

Груца ды зацірка,

Цэд, цура, кісель,

Мілта, саладуха —

Амаль стравы ўсе.

 

Ані тэй закрасы,

Ані скваркі тэй,

Бульба з мундзірамі,

Хлеб нібы з пасей,

 

Бліны, верашчака —

На паўгода раз,

Нават чамяруха

Рэдка ў які час.

*

Едзе ў госці, едзе —

Запрасіў камрад,—

На чым свет скаголіць

Кволы панарад.

 

Не падмазаў колаў,

Колы і скрыпяць,

Па вандолах скачуць

Ні ў дзесяць, ні ў пяць.

 

Загваздкі, атосы —

Па адной няма.

З восі лезе шворан

Угару старчма.

 

Конь той клыпу-клыпу,

Сем гадзін — вярста;

Вонкі хамуціна

Прэцца з хамута.

 

Плеценая вобраць —

Адны матузы,

Галаву шмальцуе

Горш ад дзермязы.

 

Што ні крок — супоня

Рвецца, як аб пень,

І гужы з дугою

Злазяць з аглабель.

 

Падсядзёлак з’ехаў

Аж пад бруха ўніз,

А чэрассядзельнік

Пад калёсы звіс.

 

Набадрыкі-зрыўкі

Шыты навырост,

Ляйчыну з вузламі

Конь злавіў пад хвост.

 

Замест нейкай пугі

Стусіна-дубец.

Але й той з двара ўжо

Ссцёбаны ўканец.

 

*

Едзе ў госці, едзе...

Едзь жа ў добры час!

........................................

Кепска, калі кепскі

Гаспадар хто з вас.

 

1926




Беларуская Палічка: http://knihi.com