epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

І што я ёй зрабіў такое?

І што я ёй зрабіў такое?

Душа ў душу жылі ўвесь час,

Цяпер жа выйшла безгалоўе,

Хоць не кажы аб ім пры нас.

 

Хлапец я здатны і дастатні,

Сякі-такі прыбытак ёсць,

Таксама ў працы не астатні

І не ўпадаю вельмі ў злосць.

 

Сустрэў яе (каб лепей — багнасць)

Мо за гумном, мо і ў гумне,

І пацягнула раптам магнасць

Да ёй мяне, яе ка мне.

 

З тых дат мы сталі, як у змове,

Страчацца з ёй — а дзе і як,—

Аб гэтым Богу ды карове,

Як кажуць, ведаць так ці сяк.

 

Аб гэтым вам найлепей скажа

За ручаём зялёны лог,

Шумлівы лес, што лёс нам важыў,

Ды ў пуні ўтоптаны мурог.

 

А не адзін дзянёк і ночку

Мы правялі сярод пацех,

Мы нават ездзілі ўдваёчку

З сваёй красуняй на начлег.

 

Калі ж, бывала, за работу

Якую бралася яна,—

Я памагаў ёй у ахвоту,

Каб любасць не была дарма.

 

Звіваў ёй ніткі — для прынады —

На матавіла з верацён,

А як яна палола грады,

Выносіў зелле з баразён.

 

Калі на лузе грэбла сена,

Я за яе насіў пласты,

А як нагрэбла звыш калена,

Я сам варочаў вал таўсты.

 

Снапы ў жніво насіў у мэтлі,—

А ўсё каб ласкавей была,—

Не раз ёй комінак рассветліў,

Калі вячэраць з поля йшла.

 

Выкручваць памагаў бялізну,

Ды шмат яшчэ чаго і ў чым...

І так характар яе вызнаў,

Што і не сніў аб чым благім.

 

Мяне стан звабіў перагібны,

Так да яе прыліп красы,—

Купіў пярсцёначак ёй срыбны,

Каснік чырвоны да касы.

 

Купіў ёй хустачку і жычку,

Шнуроўку ў талю падабраў,

А раз паркалю на спаднічку

Ў каапарацыі набраў.

 

Набраў ёй нават і тавару

На чаравічкі — напавер...

Аж тут як дасць яна мне жару,

Што й не да ног яе цяпер!

 

На ліха ў Мінску ў «пішчытрэсце»

Стаўляў ёй піва і сітро,

Каб гэта бліжай яе сесці,

Каб не нудзілася нутро!

 

За ўсе пяшчоты і празэнты,

За стрэчу першую ў гумне

Адным слаўцом, як тым ланцэтам,

Зарэзала ўсяго мяне.

 

Раз нейк тулю яе абмацкам —

Чаму ж, як туляць, не туліць,—

А тут яна мне торк знянацку:

— Час аліменты ўжо плаціць!

 

— Пашто ляменты нам з табою? —

Кажу, але які тут сказ?

....................................................

І што я ёй зрабіў такое?

Душа ў душу жылі ўвесь час.

 

1926




Беларуская Палічка: http://knihi.com