epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Я бачыў

Я бачыў, як вецер па полі гуляў,

Зямлю ўзрываў і бярозкай хіляў,

Заносіў пяском сенажаткі, лагчынкі,

Ламаў на бярозцы жывыя галінкі.

 

Я бачыў, як ястраб галубку забіў,

І выклеваў сэрца, і цёплу кроў піў;

Віхор яе пер’е і косці развеяў;

Галуб варкаваў, галасіў без надзеі.

 

Я бачыў дзяўчынку няшчасну адну,

Як бегла да рэчкі, нырнула ў ваду!

Нагнаў вецер хвалі і след той загладзіў;

На беразе вольхі шумелі аб здрадзе.

 

Я бачыў ўсё гэта й душою цярпеў,

Застыў смех на губах і песні не пеў,

Заплакаў, заліўся маркотнай слязінкай

Адзін над бярозкай, галубкай, дзяўчынкай.

 

15 жніўня 1906


15.08.1906

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан