epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Я хацеў бы...

Наследаванне з Асныка

Я хацеў бы душу адшукаці такую

І такое хацеў бы я сэрца знайсці,

Што са мной праз жыццёвую сцежку блудную

Захацела б супольна і згодна ісці.

 

Вочак пару хацеў бы я мець прад сабою,—

Як у ясныя зоры, ў якія б глядзеў,

І забыўся б, што ходзіць маркотнасць за мною,

І забыўся б, што крыўды цярплю ад людзей.

 

Адных губак хацеў бы, што мне б саладзілі

Пацалункамі горкую долю маю,

Што з-пад сэрца, з душы галасок бы здабылі

І ўсяму падціналі, што ў жальбах пяю.

 

Я хацеў бы знайсці ручак беленькіх двое,

Што к сабе прыгарнулі б, пясцілі мяне,

Памаглі б мне змагаціся з чорнай нудою,

А па смерці павекі закрылі бы мне.

 

Я хацеў бы сабе прыгалубіць дзяўчынку,

Маю долю-нядолю дзяліці са мной,

З сэрцам чыстым, якую б усякай часінкай

Я любіў бы, туліў і служыў бы якой.

 

Аднаго толькі сэрца мне трэба, хачу я,

І адной, што мяне б зразумела, душы...

Хачу мала, так мала, а доля не чуе:

Сіратой сам адзін я гібею ў глушы.

 

[1906-1912]


[1906-1912]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан