epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Я не для вас...

Я не для вас, паны, о не,

У час вольны песенькі складаю,—

Што спала ў сэрцы там на дне —

Буджу і ў свет на суд пускаю.

Я не для вас, паны, о не!

 

Я не для вас, паны, о не,

Падчас збываюся спакою,

Калі ў вачах сляза блісне,

Маркотнай вызвана душою —

Я не для вас, паны, о не!

 

Я не для вас, паны, о не,

Свае дні лепшыя марную,—

У вечнай з мукамі вайне

Жыву і радасці не чую —

Я не для вас, паны, о не!

 

Я не для вас, паны, о не,

Падняць скібіну слова рвуся

На запусцелым дзірване

Сваёй старонкі Беларусі,

Я не для вас, паны, о не!

 

Я не для вас, паны, о не,

Над доляй плачу свайго люду,

З гразёй змяшалі б вы мяне

Сваёй нікчэмнасцю прыблудаў...

Я не для вас, паны, о не!

 

Я не для вас, паны, о не,

Пяю. Вам не паняць мучэння;

Вам ваша сэрца не дрыгне

На голас братняга цярпення,

О, не дрыгне, паны, о не!

 

Я не для вас, паны, о не!..

Адною ўцехаю жыццё вам,

Знячулі ў сытасці, віне,

Вас не разжаліш праўды словам,

О, не разбудзіш вас, о не!

 

Я не для вас, паны, о не,

А я для бедных і загнаных,

Я з імі мучуся ўраўне,

Ў адных закут з імі кайданах...

Я не для вас, паны, о не!

 

Я не для вас, о паны, не!..

Я — для тых цёмных, нешчаслівых,

Ад іх і водгаласак мне

Прымчыцца па лясах, па нівах,

А не ад вас, паны, о не!

 

8 чэрвеня 1907




Беларуская Палічка: http://knihi.com