epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

"Я не плачу над братняй магілай..."

* * *

Я не плачу над братняй магілай,—

Ён там спіць, не цярпіць ужо болей;

Я не плачу над хатай пахілай,—

Я ўжо зжыўся з сваёю нядоляй.

 

Я не плачу, што ніва не родзе,—

Пот і кроў я прывык ліць напрасна;

Я не плачу па родным народзе,—

Сяк ці так дажыве долі яснай.

 

А мне толькі сціскаюцца грудзі,

І ў вачах слёзы цьмяцца няміла,

Калі ўздумаю, што са мной будзе,

Як пець песні не стане ўжо сілы.

 

1909




Беларуская Палічка: http://knihi.com