epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

"Я відзеў душы сільныя..."

* * *

Я відзеў душы сільныя,

Якім віхры ўсміхаліся

І пелі песні дзіўныя,

Каб выйшлі і змагаліся;

 

Змагаліся з няпраўдаю,

Змагаліся з кайданамі,

З кайданамі пякельнымі,

З людскіх касцей каванымі.

 

І выйшлі людзі сільныя

На бітву на крывавую,

Дый смерцяю акрыліся,

Хоць несмяротнай славаю.

 

І толькі плакаць хочацца

Над гэтымі ахвярамі,

Над гэтым краем змучаным,

Над гэтымі цяжарамі.

 

І толькі плакаць хочацца,

Прад цэлым светам жаліцца,

Што так зямелька родная

З ног ад нядолі валіцца!

 

[1905-1907]


[1905-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан