epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Як цені

Ідуць народы з лета ў лета

К жыццю, к святлу з бяды, з жуды,

А мы, як цені з таго свету,

Ідзём, не знаючы куды.

 

Ні нас свабода прыгалубе,

Ні доля весела зірне;

Паўзём і стогнем у загубе

З ярмом на шыі, ў вечным сне.

 

Не на пацеху дзеці даны

Матулі, што іх сцеражэ,—

Усё адно сусед паганы

У плуг жалезны запражэ.

 

Не на прыбытак сеем нівы

І паліваем потам іх,

Нахлынуць трутні пражарлівы,

І мы не ўбачым жніў сваіх.

 

Пад непрагляднай марай ночы

Нам не дабачыць нашых крыўд.

На свет падняць баімся вочы,

Сабе сам кожны ўжо абрыд.

 

Як мы жывём, чаго чакаем,—

Не знаем мы, не знае свет;

Не то ўжо мром, не то ўскрасаем,

Змагчы не ў сілах мук і бед.

 

Зайграе шумам лес зялёны,

Аб хвойку хвойка затрашчыць,

І пойдзе шум той к небасклону,

А неба каменем маўчыць.

 

Маўчым і мы і, як сляпыя,

Як цьмы, снуёмся з кута ў кут,

Адно віхор падчас завые

Ды змей прамкнецца там і тут.

 

На курганах засвецяць росы —

Крывавы росы — сведкі мук...

А ў хатах спяць цапы і косы —

Усё чакаюць ёмкіх рук.

 

[1918]


[1918]

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан