epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Як я молада была...

Як я молада была,

Бедавала многа...

Ад сяла і да сяла

Блукала знямога.

 

Не хапала той зямлі,

Не хапала ежы,

Ні той скваркі хоць калі,

Ні цэлай адзежы.

 

Бацька гоніць на начлег,

Маці ў двор да пана;

Ні вясёласці, ні ўцех

Ад долі паганай.

 

А сягоння, во, мае

І дзеці, і ўнукі —

Кожны ўдоваль есць і п’е,

Не ведаюць мукі.

 

Ці Кастрычнік, ці то Май,

Гонару набралі,—

Ім ядваб ужо давай,

Не хочуць паркалю.

 

Патэфоны граюць ім,

Радыё іграе;

Не было ў жыцці маім

Гэтакага раю.

 

Як я молада была,

Бедавала многа...

Ад сяла і да сяла

Блукала знямога.

 

1935


1935

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан