epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Як пайду я, пайду...

Як пайду я, пайду па загонах,

Па мазольным аратых сляду,

Па лугах і па борах зялёных,

І па сёлах убогіх пайду.

 

На жалейцы сваёй, на гудлівай

Там я песні пачну распяваць;

Прыслухайся, шчасліў, нешчаслівы,

Думкі лепшы хачу вызываць!

 

Я для нівы пагудку зайграю,

Каб радзіла спарней дабрыну,

Каб — баронку стаўляй к жытцу з краю —

І ўтрымала жытцо барану.

 

Я грудзямі прыльну к сенажатцы,

Маліць стану даваць больш сянца,

Вечна ў кветках каб ёй красавацца,

Кветкі шчасцем цвілі б для касца.

 

Пушчы гукну, каб гордай, скупою

Не была, дроў давала людзям,

Памагла ваяваць ім з зімою;

Шумаў бору падслухаю сам.

 

А прыйду к свайму ў вёсачку люду,

Пачну з хаткі да хаткі хадзіць,

Жалець сэрца, душы там не буду,

Буду пець, буду йграць і будзіць.

 

[1905-1907]


[1905-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан