epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Як у казцы

Даўно было — мо тысячу год назад, а мо яшчэ болей,— як сталі жыць, размнажацца і ў славу расці ўдалыя прашчуры нашы — дрэговічы, крывічы і палачане.

Важны быў гэты народ, і паміж суседзямі меў ён добрую песню і праўдзівае паважанне. З далёкіх заморскіх старон — з зямлі Варшаўскай, з царства Візантыйскага і з другіх знамянітых гасударстваў і каралеўстваў прыязджалі па моры і па сушы багатыя госці з багатымі таварамі — шоўкам, бісерам, янтаром ды іншымі драгацэннымі скарбамі. Заморскія госці ведалі, што народ, да якога ім дарога ляжала, быў сэрца мяккага, рупны гасцінаю і багацтвам асаблівым адзначываўся... Бо не зачынялі нашы прашчуры весніцаў і дзвярэй хат сваіх перад званым і нязваным госцем падарожным; нават калі выхадзілі з сялібаў сваіх рыбу ў невады лавіць ці з лукам звера пушнага сачыць, то і тады замкоў не зналі, а яшчэ астаўлялі ў хатах пад абрусамі бохана хлеба пшанічнага і дубовыя дзежы сотаў пчаліных — гэта каб госць меў чым з дарогі пажывіцца.

Вера ў нашых продкаў была трохі іншая, як цяперака, бо не аднаго бога мелі, а некалькі, і прозвішчы багі мелі не такія, як цяпер; называліся яны: Сонца, Пярун, Каляда ды іншыя яшчэ. Аўтарнымі слугамі багоў гэтых былі варажбіты-вешчуны — старцы мудрыя і ў справах божых кемкаць маючыя. Не было, праўда, узнесеных на хвалу божу ні з камення, ні з дрэва святыняў небажычных і аўтараў, золатам набіваных,— былі толькі запаведныя лясы і гаі цяністыя, дзе складаліся ахвяры богам прамудрым. Просты быў народ, і крывадушыць не ўмеў ён у веры сваёй. Ведаў толькі, што найлепей гаварыць з небам, гледзячы ў неба, не зачыняючыся ў ніякія словы будоўлі.

А хто хаваецца ад сонца, у таго на душы цёмна.

А чыстае, відаць, сумленне мелі прадзеды нашы.

Заезджыя госці дзівіліся гэткаму, па-іхняму незвычайнаму, парадку ў справах адносін між людзьмі і багамі; не разумелі, як гэта можна заместа мець некалькі багоў і не мець багатых харомаў, збудаваных у чэсць і хвалу Бога свайго. Дзівіліся, бо госці заезджыя былі веры іншае і звычаёў гэткіх у сябе не мелі.

Мала-памалу заморскія госці сталі прывозіць з сваімі заморскімі скарбамі і думкі іншыя: прывезлі яны новага Бога з крыжам. Не хацелі спачатку прынімаць новай веры дрэговічы і крывічы, ды палачане ад іх не адставалі, а пасля з дабраты сваёй і рупнасці гасціннай прынялі, падумаўшы, да сваіх старых багоў і новага Бога; адно толькі варажбіты-вешчуны, старцы мудрыя і ў законах веры дасведчанне маючыя, старых толькі багоў трымаліся і народу свайму за яго такую нястрыманую памаўлівасць нядобрыя варожбы выражалі. Намыліліся старцы мудрыя: па іх касцях закрасаваў новы ўсемагутны Бог, сталі легіёны аўтарных служыцеляў хвіміямы яму курыць, тысячы з медзі званоў хвалу яму разносіць, а так далёка, як зямля наша вяліка, і яшчэ далей, ажно на край свету.

А старыя багі? Яны прыціхлі, прытуліліся, але не памёрлі саўсім у душах свайго народу. Жывуць, як даўней жылі,— у песнях, казках, былінах, і чакаюць... чакаюць на новых старцаў мудрых, на вешчуноў-прарокаў златавустых. Ці дачакаюць калі?


1919

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала, Янка. Жыве Беларусь : вершы, артыкулы / Янка Купала. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. - 476, [1]с.
Крыніца: скан