epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

"Яшчэ вісеў на блізкім ліхтары..."

Dubia

I
ІІ
ІІІ
IV


I

Яшчэ вісеў на блізкім ліхтары

Яўрэй апошні, й азвярэлыя вятры

Ад жудасці, ад сораму і дыму

Яшчэ зрывалі тэлеграму з тыну,

Што ад Растова ўсе чырвоныя далёка

Й няма што трасцай кідацца нялёгкай,—

 

А паміж тым, у прадчуванні рымскіх ласк,

Свой разрахунак меркантыльна знізіў

І, як жанчына, ўвесь дрыжэў Новачаркаск

Ад наступу дэнікінскіх дывізій.

 

Яны з абозам на усход цяклі,

Сузор’ямі апошні мерачы свой шлях,

У прадчуванні, але йшчэ не верачы ані,

Што гэта ўжо сапраўды эпілог дасяг,

Што ўжо няма каму тут спадчынныя іскі

Цяпер чыніць, і што ў гэты год

Пашоў на дно ўвесь цяжкі пакебот,

Што звалі мы імперыяй расійскай...

 

 

ІІ

 

— Глыток вады.— Нельга, запёрта будка.

— Глыток вады.— Нам на сям’ю вядро,

Ды во чарга ад раніцы ўжо тутка...

— А нашая чарга во ў гэты чорны роў?

—Глыток вады, а за яго вазьмеце

Вось гэты шаль — цяпер ўжо ўсё адно...

І чэрпае, пакуль не гляне дно,

І ўсё не можа смагі адалеці.

І потым, адыходзячы ў глухую ночку,

Назад сумысля азірнецца ён у мгле,

Але яго свідруюць праз «цапочку»

Палохлівыя шэранькія вочы...

 

Два словы так сабе — аб гуннах, аб Атылле

(На акяніцах — шруб, а на дзвярах — замок)

І хціва мерыць шаль перад трумо

Пры цмяным блізку дымлівых капцілак.

 

О, абываталь, белая за каўняром ты гніда!

Як страшны аб табе сказ-абурэнне:

Жыццё за камізэльку аддаеш ты без агіды,

На соль мяняючы сваё сумленне.

 

Як вымераны ўтоптаныя сцежкі!

Бо дорага яйцо к Хрыстосаваму дню,

Бліны к Калядам, к Сёмусе адзежка,

Ды тое, што хаціна ўстала на краю.

 

Хай час ідзе, хістаючыся ў дыме,

І хай ляжыць стары ў абломках свет,—

Ў грызні за іх і з гэтымі і з тымі

Ты скарыстаеш іх на свой клёзэт.

 

 

ІІІ

 

Дзе ж, ой, матулькі, вашы дзеці?

Рукі слабы, вецер — дуж ён,—

Відаць, здзьмуў іх вясёлы вецер,

Скіфскі вецер з сямі старон.

 

Як ён свішча і як гамоніць

Ў гэты страшны, значаны год!

Было двое іх — двое — помніш?

А не стала ні аднаго.

 

У кажусе і ў куртцы новай

Сінявокі хлопчык кадэт

У канаве злажыў пад Растовам

За цара свае дзевяць лет.

 

Вецер блытаў валасы ночкай

І нейкія словы спяваў,

Палатнянай яго сарочкай

Выцірала вочы трава.

 

І пакуль шукалі ў трупярні

Паміж штабаляў сініх цел,—

У прамежак ад смерці к спальні

Скіфскі вецер з смехам ляцеў.

 

А другі — ты прыпамінаеш?

Над брывёю шрам на услонь,

І ў вачах яго сінь такая ж,

І сухая таксама скронь.

 

Як няведаннем мы багаты,—

Гэта маці і неўнамёк,—

Можа быць, гэта ён для брата

У стрэльбе націснуў курок.

 

І цяпер у гарадской бальніцы,

Грудзі прабіты штыхом —

І яму нічога не сніцца,

Ані ты, ні бацька, ні дом.

 

Як стаяла яна над гэтым —

Над пасцеллю з чырвані тэй!

Быў з ёй добрым вясёлы ветрык —

Загасіў, як свечку яе.

 

І над сэрцам яе замёрлым

Як мяккай і лёгкай зямля!

Вецер, вецер — такі вясёлы,

Так абшырна воля твая!

 

 

IV

Далі волю любіць Колю,

Цяпер хочуць яе ўняць;

Камень кінулі ў палонку,

А цяпер цяжка падняць.

 

Колю знаю па хадзе я —

Вось к вакенцу падышоў.

Мы цяпер тавар не ходкі —

Збыт на дзецюкоў пашоў.

 

Ой, сяброўка з вечарынкі,

Нам з табою не дружыць,—

Радасць, гора мы дзялілі,

А любоў не падзяліць.

 

Ох, ты сіняя, ты сцюжная зіма,

Сярод лета прышла к дзеваньцы сама.

Белай шэраняй пасцель залягла,

Ці ж мая мне прастата памагла?!

 

Круціць вецер пласконны падол.

Вецер весел ды цёмен дол.

Ой, і рэдкі ў палетку лён!

Дзе ж то бачана да нашых дзён,

Каб дзяўчына лезла ў рукі сама,

Абы поўнай была дзеўчая машна.

 

Цяпер бабія ў развяз вузелкі,

Усе з вайной у расходзе мужыкі;

На бязмужжы і дурань муж,

Ды і дораг стаў дурань к таму ж.

Думкі бабскія ў мяне ўсё адны:

Хай бы хоць і ад дурняў, ды сыны...

 

Ах, вы грудзі мае,

Двохфунтовыя!

Цяпер ходзяць у нас

Дзеўкі ўдовамі.

 

Надаелі адны,

Будуць новыя,

Ах, вы грудзі мае,

Двохфунтовыя!

 

[1926]


[1926]

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан