За пакутнай за гарою
Узнёсся явар адзінокі
І ківае галавою,
Усё ківае ў свет далёкі.
Колькі, бедны, крыўды мае?
Колькі жалю ў гальным шуме:
Хто падгледзе, ўсё згадае,
Ўсё прачуе ў соннай думе?
Смуцен явар. Змагаць-біцца
Сіл замала з непагодай —
Па лісточку, па галінцы
Ўсё губляе з кожным годам.
Гэй, і явар жыў надзіва,
Паглядаў у свет з адвагай,
Быў ён князем гэтых ніваў,
На ўсім свеце меў павагу.
Ад узгорка да узгорка —
Ці там сонейка, ці вейка,
Ці то соладка, ці горка —
Помніць явара жалейка.
І ў дзень будні, і ў нядзелю
Ён з людзямі са сваімі.
Колькі песень аб ім спелі?
Колькі ў песнях яго імя?
Збеглі леты за лятамі.
Як не нашы, нашы песні;
І мы самі, як не самі.
А наш явар? Аж балесне...
За пакутнай за гарою
Плача хмурны, адзінокі
І ківае галавою,
Усё ківае ў свет далёкі...
1909