Мінск, Маладзечна, Вільня...
Як жа знаёмы шлях гэты!
Змерыў яго я калісьці,
Як шукаў шчасця па светах.
Колькі ж ні ехаў тады я,
Ці то ў мароз, ці ў разводдзе,
Царскі жандар мяне тупа
І спатыкаў, і праводзіў.
Ехаць прыйшлося нядаўна,
Год таму тры ці чатыры,—
Тыя ж убогія хаты,
Тыя ж ля хат камандзіры.
Бачыў, як тамка пасліся
Свінні ў чужым агародзе.
Польскі жандар мяне тупа
І спатыкаў, і праводзіў.
*
Еду сягоння я ў Вільню
Следам за арміяй нашай,—
Царскім і польскім жандарам
Думак дарога не страша.
Сум недзе згінуў кашмарны,
Жудасць па хатах не бродзіць,
Кветкамі дзеці й дзяўчаты
Нас спатыкаюць, праводзяць.
1939