epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Едзе Янка ў поле...

Едзе Янка ў поле,

Едзе ваяваці,

А дзяўчына, як маліна,

Выйшла праважаці.

 

Адчапіся, дзеўка!

Што ты ка мне маеш?

Бачыш, еду на пабеду,

А ты замінаеш.

 

Журыцца дзяўчына,

Што Янук пакінуў...

Той паехаў на пацеху,

Бараніць Айчыну.

 

Доўга ці каротка

Ваяваў наш Янка,

Ажно ў вёску ён дарожкай

Прэцца, як маланка.

 

І дамоў прыехаў

З тэй вайны, здалёку,

А дзяўчына, як маліна,

Пазірае збоку.

 

Падыйдзі, дзяўчынка,—

Ці ж мяне не знаеш?

Бачыш, еду я з пабеды,

А ты ані дбаеш.

 

Цешыцца дзяўчына,

Што Янук не згінуў,

Той ураз жа ёй і кажа:

Ўбараніў Айчыну.

 

1920


1920

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан