epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Каб я князем быў...

Каб я князем быў ўладарным

Гэтых ніў і хат,—

Быў бы князем гаспадарным,

Вёў бы добры лад;

На пасадным месцы б селі

Права і закон,

Праўду вечную ўсе б мелі —

Вечавы свой звон.

Не цягнуў бы я з падданых

Крыўдай соль і хлеб,—

Кожны сам сабе ад рана

Малаціў бы цэп.

 

Каб я сонцам залацістым

Плаваў над зямлёй,

Быў бы сонейкам вячыстым

Летам і зімой.

Не лажыўся б на разлогі

Непраглядны цень,

Асвятляў бы ўсе дарогі

Ўночы і удзень.

Гадаваў бы ў вечным цвеце

Поле і лугі,

Распаліў бы ўсе на свеце

Путы-ланцугі.

 

Каб я рэчкай быў міжгорнай

На зямлі маёй,

Быў бы рэчкай жыватворнай

Для старонкі ўсёй.

Ажыўляючай крыніцай

Быў бы наяву,

Чыстай, шклістаю вадзіцай

Змыў бы сон-траву.

На засушаныя кветкі

Клаўся бы расой

І каціўся б праз палеткі

Светлай паласой.

 

Каб я птушкай быў крылатай,

Пець і лётаць мог,

Быў бы птушкай незаклятай,

Па расе не сох.

Груганом бы я не крумкаў,

Не наводзіў слёз,

А на крыллях нашу думку

Да Бога б панёс.

Крыўду-ведзьму нашых межаў,

Беднату і цьму,—

Ўсё б папраўдзе, як належа,

Вылічыў яму...

1911




Беларуская Палічка: http://knihi.com