epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Калека

I
II
ІІІ
IV
VI
VII
VIII
ІХ
Х
ХІ
XII


 

 

I

— Што з табою, браце мілы?

Чаму хмуран ты не ў меру?

Дзяцюк гэткі повен сілы!

Як тут даць, здаецца, веру?

 

Адной радасці, вяселля

Быць павінны поўны грудзі,

Ты ж, як збіты, як з пахмелля...

Ну, і людзі, што за людзі?

 

А мо ёсць на то прычына —

Ўсё сваю прычыну мае:

Ты дзяцюк, а вунь дзяўчына,

Во адно ўжо і ўздыхае.

 

Ну, ўздыхайце сабе самі,

Рад і я вам падцінаці;

Можа, траплю дзе часамі

І па сэрцу табе, браце.

 

II

— Пачну думу ад пачатку:

Жыў я змалку ў вёсцы з краю;

Мала помню родну хатку,

А ўсё ж міла ўспамінаю.

 

Быўшы дзіцем, быў рахманым,

Бацькі, маці быў пацехай,

Плач нядолі не быў знаным,

Колькі гуляў, колькі смеху!

 

Не заводзіў нічым думак,—

Трэба ў школу — ў чым тут стала?

Сып, узяўшы кніжак клумак,

Адно жаль — знаў іх замала.

 

Першы год ганяў я ў поле:

Умірае бацька, маці,—

Вось і стала свету болей

Сіратою адной, браце.

 

ІІІ

— Ці вы знаеце, што знача

Сіратою быць на свеце?

Хмарка плача, вецер плача,

Як такога дзе прымеціць.

 

Можа, скажаце таксама:

Людзі літасць над ім маюць;

Не такая, людзі, крама,

Ў якой людскасць аглядаюць.

 

Адным цягам год за годам

Шлі цярніста, шлі крывава,

З імі моладасць з нягодай,

Як асенняя няслава.

 

Не раз труд было заснуці;

Свет хацеў бы ў жменю ўзяці

І, як вецьвем, страсануці...

Так было мне цяжка, браце.

 

IV

— Як памерлі бацька, маці,

З хаты выгналі за браму,

Жыць прыйшлось доляй бадзяцкай,

Няма што, пайшоў да пана.

 

Далі там агрызак хлеба,

Далі колькі марных грошы;

Што, здаецца, болей трэба?

Будзь слухмяны, будзь харошым!

 

Здасца можа — добра гэтак,

А дзе ж кут свой, а дзе воля?

Панскі дом, страва, адзетак

Душы, сэрца не здаволіць.

 

Не быць выгнаным надзея

Не загосце ў чужой хаце;

Месяц свеціць, ды не грэе,

Служба службаю, мой браце.

 

Скокам-бокам, напаў з горам

Наспеў годзік і дваццаты.

Быў хлапцом — сказаць не сорам!

Бач, пазвалі у салдаты.

 

І пайшоў я — няма дуру —

Паспытаць ваеннай кашы;

І што скажаш? — прыйшоў з скурай,

І там людзі, і там нашы.

 

На муштроўку шоў у зміру,

Вайну ўзнялі — туды глянуў;

Праслужыў гадкоў чатыры

І вярнуўся... куды? — к пану.

 

Прынёс крыжык — памяць з бою,

Ды яго ж я, о пракляцце!

Аплаціў адной рукою...

Эх, каб ім... Падумай, браце!..

 

VI

— Аднарукі, аднарукі!

Гэтак дома ўсе казалі,

Многа меў нуды, дакукі,

Яшчэ горай стала далей.

 

Што рабіці, трэба жыці,—

Стаў у двор за лесніка я,

А служыці, дык служыці,

Мабыць, доля ўжо такая.

 

Вось з наказу раз пайшоў я

Вартаваць у лес павалы,

Ноч была, на безгалоўе

Бура выла, лес ламала.

 

І вось хвойка грук! І сукам

Нагу крыша, не паўстаці,

Бура глушыць енк мой гукам...

А там далей, эх, мой браце!..

 

VII

Што было, і сам не помню,

Год пралежаў у бальніцы,

На свет выйшаў, хто ж уломню

Дасць і хлеба, і вадзіцы.

 

І паплёўся я з пакорай

Туды, дзе такім дарога,

Дзе адно сабрана гора,—

Ў жабракі пайшоў з трывогай.

 

Дзіўна вам, што часам з нудаў

Заглядаю у карчомку...

Людзі, людзі! Іншым буду —

Адчапіце мне хатомку.

 

Вы — шчаслівы, з доляй яснай —

І то рады пагуляці.

А я ж, я — жабрак няшчасны...

Эх, не крыўдзь насмешкай, браце.

 

VIII

— Глянь во з жалем — я калека,

Аднарукі, аднаногі,

Беспрытульнасці апека

Ацямніла ўсе дарогі.

 

Дум гаротных колькі, колькі!

Хто злічыць, апець іх можа?

Каму ўцям чужыя болькі,

Хто бядзе чужой паможа?

 

Быў здароў, быў дуж і молад,

Ніпачым саха, сякера,

Што там значыў холад, голад,

Крэпка сіла, крэпка вера!

 

Дзе ж ты, вера, дзе ты, сіла?

На каго мне наракаці?

Эй, падмігівай, магіла!

Ты ж не злуйся, мілы браце.

 

ІХ

— Кастыль, торба, кій жабрачы

Маім пашпартам, адзнакай,

Было кепска, ўсё ж іначай

Над сваёй нядоляй плакаў.

 

 

Як і ўсе, і я меў сэрца,

Быў час — дзеўчынку нагледзеў;

Пасля ж, пасля ў паняверцы

І дзяўчынка знікла недзе.

 

Як апаленае дрэва

Пастухамі ў полі роўным,

Адзінока хмар павеваў

Жду век з сэрцам неспакойным.

 

Памру. Хіба крук над трупам

Хаўтуры будзе спраўляці,

Дый ноч гляне вокам рупным...

Эх, хоць ты успомні, браце.

 

Х

Глянь душой, дзе, ў чым няшчасце,

З твайго ж смех мне наракання,—

З віхраў зімніх не прапасці,—

Рухне стужа, вясна ўстане.

 

Ў свет глядзі з надзеяй, дружа,—

Вера ў шчасце не зашкодзіць;

Не ўсім доля роўна служа,

Не ўсіх колкай сцежкай водзіць.

 

Хоць нож крыўды ўесца ў грудзі,

Хоць нуды сляпое жала

Кроў смактаці з цябе будзе,—

Стой за праўду, стой як скала.

 

Людзі... Што ж? хто не калекам,

Аб іх можна і не дбаці,

Будзь сам толькі чалавекам,

Будзь... Ей, будзь здароў, мой браце!

 

ХІ

Мне пара ужо збірацца...

Ох, сказаць хацеў дадому...

Мне пара ўжо з хаткі к хатцы

Хлеб ісці збіраць па-свойму.

 

Гаварыці перад кажнай

Псалмы, пацеры, літанні,

Абрыдаціся адважна,

Як сабака дзе прыстане.

 

Мо так выжабрую недзе

Куток ціхі дажыць веку,

Мукі хтось калекі ўгледзе,

Не дасць згінуць чалавеку.

 

Прыйдзе змена мо на свеце,

Не дасць бедным бедаваці,

Будзем жыць, і жыць хацеці,

І пець весела, мой браце.

 

XII

Гэтак правіў у карчомцы

Раз убогі, Куксай званы,

Мала меў чаго ў хатомцы

І быў так не зусім п'яны.

 

Яго слухалі цікава,

Праўды шмат ад яго чулі.

Кожны бачыў, як крывава

Можа доля справіць гулі.

 

З дзесяць год таму на дровы

Ехаў неяк я зімою,

Мала грэў і кажух новы,

Трос, як лістам, сівер мною.

 

Еду... Дзе крыж ля дарогі,

Штось відаць, як хто лёг спаці,

Глянуў... Мёртвы Кукса ўбогі...

Так жыццё ён скончыў, браце.

 

1907

 


1907

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў: У 9 т. - Т. 6. Паэмы, пераклады. - Мн.: Маст. літ., 1999. -430 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан