Янка Купала

Калектыўныя творы

1909
  <ВІНШАВАННЕ М. ФЕДАРОЎСКАМУ>
1927
  ДА НАВУКОВЫХ ПРАЦАЎНІКОЎ ЗАХАДУ
  <ЗАПІСКА>
  У НАРОДНЫ КАМІСАРЫЯТ УНУТРАНЫХ СПРАЎ БССР
  СТАТУТ АБ’ЯДНАННЯ БЕЛАРУСКІХ ПІСЬМЕННІКАЎ «ПОЛЫМЯ»
    І. МЭТЫ АБ’ЯДНАННЯ
    ІІ. СЯБРЫ АБ’ЯДНАННЯ
    ІІІ. КІРУЮЧЫЯ ЎСТАНОВЫ АБ’ЯДНАННЯ
    IV. СРОДКІ АБ’ЯДНАННЯ
    V. ЛІКВІДАЦЫЯ АБ’ЯДНАННЯ
1928
  СУПРОЦЬ КАТАРЖНАГА ПРЫСУДУ НАД ГРАМАДОЙ
1930
  ПРАТЭСТ ПІСЬМЕННІКАЎ БССР
  БЕЛАРУСКІЯ ПІСЬМЕННІКІ НА ДНЕПРАДЭСЕ
  ПІСЬМЕННІКІ БССР ПРАТЭСТУЮЦЬ СУПРОЦЬ ФАШЫСТОЎСКАГА СУДА НАД тав. Б. ТАРАШКЕВІЧАМ
1933
  АДКАЗ КАМСАМОЛЬЦАМ СЛУЧЧЫНЫ
1935
  БАРАЦЬБІТУ ЗА ПЕРАДАВЫЯ ІДЭІ ЧАЛАВЕЦТВА
  ТРОХКУТНІКУ МАГІЛЁЎСКАЙ ФАБРЫКІ ШТУЧНАГА ШОЎКУ
1936
  БЫВАЙ, НАШ ГОРКІ!
  РОДНЫ, ЛЮБІМЫ ІОСІФ ВІСАРЫЁНАВІЧ!
  ДАРАГІ КАНСТАНЦІН МІХАЙЛАВІЧ!
  ГЕРАІЧНАМУ НАРОДУ ІСПАНІІ. ЛАРГА КАБАЛЬЕРА, ХАСЭ ДЫЯСУ, ДАЛОРЭС ІБАРУРЫ, РАФАЭЛЮ АЛЬБЕРЦІ
  ПРАВАДЫРУ НАРОДАЎ ВЯЛІКАМУ СТАЛІНУ
  ПАЭТЫ І ПІСЬМЕННІКІ ПРА ДОМ ЧЫРВОНАЙ АРМІІ
  БЕЛАРУСКІЯ САВЕЦКІЯ ПІСЬМЕННІКІ — тав. С. АРДЖАНІКІДЗЕ
1938
  ВАЕННАЙ КАЛЕГІІ ВЯРХОЎНАГА СУДА СССР
  ВЯЛІКАЯ СТРАТА
  ДА ЮБІЛЕЮ ВЯЛІКАГА ПАЭТА-РЭВАЛЮЦЫЯНЕРА
1939
  МАСКВА, САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ — АСЕЕВУ
  ПІСЬМЕННІКАМ ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ
1940
  <У МУЗЕІ АДАМА МІЦКЕВІЧА>
1941
  МІНСК. РЭДАКЦЫІ «ЗВЯЗДА»
  <ЗВАРОТ НАРОДНЫХ ПАЭТАЎ БЕЛАРУСКАЙ ССР ЯНКІ КУПАЛЫ І ЯКУБА КОЛАСА ДА БЕЛАРУСКАГА НАРОДА>
Dubia
1914
  НАШЫ ПІСЬМЕННІКІ
  І ГРАМАДСКІЯ ДЗЕЯЧЫ НА ВАЙНЕ
1920
  ЛЁС БЕЛАРУСІ


1909

 

<ВІНШАВАННЕ М. ФЕДАРОЎСКАМУ>

Шаноўны пане Федароўскі!

Сабраўшыся грамадой і спраўляючы юбілей 3-гадзічны «Нашай нівы», успомнілі вашу мнагалетнюю працу над этнаграфіяй беларушчыны, шчыра вітаем Вас.

А. Уласаў, Ант. Луцкевіч, Аляксандр Бурбіс,

Мікалай Шыла, Л. Рагоўскі, Я. Купала,

А. Лявіцкі, С. Палуян, З. Нагродскі, Іван

Луцкевіч, В. Ластоўскі, В. Лычкоўскі.

 

 

1927

 

ДА НАВУКОВЫХ ПРАЦАЎНІКОЎ ЗАХАДУ

Навуковыя працаўнікі ў сталіцы Савецкай Беларусі г. Менску зварачаюцца да вас з прычыны нечуваных рэпрэсій, узнятых польскай уладай супроць беларускага нацыянальнага і культурнага руху ў Заходняй Беларусі.

Сучасная польская дзяржаўнасць праводзіць у адносінах да 3 мільёнаў беларусаў, як і да іншых нацыянальных меншасцяў у Польшчы, палітыку самай жорсткай паланізацыі і фізічнага вынішчэння беларускай нацыянальнасці і найцяжэйшага сацыяльнага ўціску.

Зварочваем увагу навуковых працаўнікоў на Захадзе, што 3-мільённая беларуская маса ў межах Польшчы да гэтага часу не мае масавай школы ў роднай мове. А школы, якія былі, зачынены.

Змагаючыся з беларускім культурна-нацыянальным рухам, польскі ўрад не спыняецца нават перад парушэннем сваёй уласнай «канстытуцыі» і «дэмакратычных гарантый» дэпутацкай недатыкальнасці, арыштаваўшы пераважную большасць беларускіх паслоў без згоды сойма. А таксама арыштаваны сотні актыўных работнікаў на ніве беларускай культуры і асветы, разбураны культурна-асветныя і грамадскія арганізацыі, што ядналі вакол сябе дзесяткі тысяч сялян і рабочых.

Палітыка гэта з’яўляецца актам самаабароны з боку кіруючай верхавіны, зброяй у руках шляхецка-абшарніцкіх колаў Польшчы і разбэшчанай рэакцыйнай часткі ваеншчыны; яна сваім вастрыём накіравана супроць рабочых і сялян Заходняй Беларусі, якія ўсё мацней уцягваюцца ў нацыянальна-рэвалюцыйную барацьбу за свае класавыя інтарэсы і за сваё нацыянальнае вызваленне.

Мы, навуковыя працаўнікі, праводзячы сталую працу ў будаўніцтве Савецкай Рэспублікі, яе сацыялістычнай гаспадаркі і культуры, заклікаем вас, навуковых працаўнікоў на Захадзе, звярнуць сваю ўвагу на барбарскія ўчынкі польскага ўрада, які на вачах ўсяго цывілізаванага свету разбурвае культуру беларускіх мас, што знаходзіліся ў працягу сталеццяў пад цяжкім сацыяльным і нацыянальным уціскам.

Мы заклікаем вас разам з намі ўзняць голас пратэсту супроць гвалтоўных учынкаў польскага ўрада, якія ганьбуюць увесь цывілізаваны свет.

Подпісы:

Старшыня Усебеларускай секцыі навуковых працаўнікоў, дэкан факульт. права і гаспадаркі БДУ, правадзейны член Інстытута Беларускай Культуры, прафесар С. Я. Вальфсон. Правадзейны член Інстытута Беларускай Культуры, член Цэнтральнага Бюро секцыі навуковых працаўнікоў Беларусі, дырэктар патолагаанатамічнага інстытута, прафесар Цітоў. Намеснік старшыні Інст. Беларуск. Культуры А. Смоліч. Народны паэт БССР, правадзейны член Інст. Бел. Культуры — Янка Купала. Народны паэт БССР, правадзейны член Інст. Бел. Культуры — Якуб Колас (К. Міцкевіч). Прафесар, дырэктар псіхіятрычнай клінікі — А. Ленц. Прафесар, дырэктар нервовай клінікі — М. Кроль. Дэкан педагагічнага факультэта, правадзейны член Інстыт. Бел. Культуры прафесар Піятуховіч. Прафесар, правадзейны член Інстыт. Бел. Культуры — М. Замоцін. Намеснік дэкана педагагічнага факультэта БДУ, правадзейны член Інбелкульта, дацэнт — А. Успенскі. Дырэктар гінекалагічнай клінікі, прафесар Выдрын. Правадзейны член Інстыт. Бел. Культуры, член Цэнтр. Бюро навук. працаўнікоў Беларусі — П. Трамповіч. Адказны сакратар секцыі нав. працаўнікоў, дацэнт і член праўлення БДУ, правадзейны член Інбелкульта В. Дружчыц. Правадзейны член Інбелькульта — Язэп Лёсік. Правадзейны член Інбелкульта — С. Некрашэвіч. Прафесар М. Грэдзінгер. Зам. рэктара БДУ — Слонім. Прафесар, дырэктар дзіцячай клінікі — Ляонаў. Прафесар БДУ — Нікольскі. Прафесар БДУ — П. Марыдзіяні. Прафесар, дырэктар хімічнай лабараторыі БДУ — Н. Прыляжаеў. Дырэктар Пастэраўскага Інстытута, прафесар Б. Эльбэрт. Вучоны сакратар Інбелкульта — А. Цвікевіч. Прафесар А. Вазнясенскі. Прафесар БДУ — Перцаў. Дацэнт БДУ — Воўк-Левановіч. Дацэнт БДУ — Я. Барычэўскі. Дацэнт БДУ, правадзейны член Інбелкульта А. Сянкевіч.

 

<ЗАПІСКА>

 

У НАРОДНЫ КАМІСАРЫЯТ УНУТРАНЫХ СПРАЎ БССР

Прыкладаючы да гэтага два экзэмпляры статута літаратурнага аб’яднання «Полымя» і звесткі аб яго закладчыках па форме НКУС згодна патрабавання закона, просім зарэгістрыраваць яго.

Менск, 28 снежня 1927 г.

Міх. Грамыка, З. Жылуновіч, М. Чарот,

Піятуховіч, А. Гурло, Якуб Колас, Янка

Купала, М. Зарэцкі, Я. Пятровіч, Андр. Александровіч.

 

 

СТАТУТ АБ’ЯДНАННЯ БЕЛАРУСКІХ ПІСЬМЕННІКАЎ «ПОЛЫМЯ»

 

І. МЭТЫ АБ’ЯДНАННЯ

Прымаючы на ўвагу асаблівае значэнне калектыўнай працы ў галіне літаратурнага будаўніцтва, група беларускіх пісьменнікаў і літаратараў закладаюць аб’яднанне «Полымя».

1. Літаратурнае аб’яднанне «Полымя» ставіць сваімі задачамі:

а) развіццё беларускай мастацкай літаратуры шляхам узмацнення творчай працы сваіх сяброў і ў шчыльнай сувязі з вымаганнямі сацыялістычнага будаўніцтва;

б) афармленне і замацаванне ў беларускай мастацкай літаратуры пралетарскай ідэалогіі, звязваючы гэта з развіццём і ўдасканаленнем нацыянальнай формы;

в) удасканаленне і паглыбленне літаратурнай творчасці шляхам развіцця марксісцкай крытыкі, а таксама праз пашырэнне агульных ведаў сваіх сяброў, памятаючы, што «толькі дакладным веданнем культуры, створанай усім развіццём чалавецтва, толькі перапрацоўкай яе можна будаваць пралетарскую культуру» (У. Ленін);

г) сувязь з літаратурнымі інстанцыямі, арганізацыямі і паасобнымі пісьменнікамі як у СССР, так і ў іншых краінах.

У адносінах да іншых літаратурных арганізацый і паасобных пісьменнікаў літаратурнае аб’яднанне «Полымя» прагалашае найбліжэйшае супрацоўніцтва, калі гэта не будзе супярэчыць асноўным прынцыпам аб’яднання і яго арганізацыйным палажэнням, якія вызначаны ў яго статуце. Адначасова аб’яднанне будзе весці барацьбу са шкоднымі ўхіламі, якія могуць вынікнуць на шляху будавання беларускай пралетарскай літаратуры.

Літаратурнае аб’яднанне «Полымя» ўступае ў выкананне сваіх задач з поўнаю надзеяю на тое, што яно здзейсніць іх у працэсе паглыблення сацыялістычнага будаўніцтва на Беларусі.

2. Для дасягнення вышэйпамянёных мэтаў літаратурнае аб’яднанне «Полымя»:

а) арганізуе як зачыненыя, толькі для сваіх сяброў прызначаныя, літаратурныя сходы і дыспуты, на якіх зачытваюцца паасобныя творы, рэфераты і даклады, так і адчыненыя сходы і літаратурныя вечары, якія могуць быць платныя і бясплатныя;

б) склікае канферэнцыі па пытаннях беларускай літаратуры і ўдзельнічае праз сваіх прадстаўнікоў у з’ездах, канферэнцыях і інш., склікаемых літаратурнымі аб’яднаннямі БССР, іншых Савецкіх Рэспублік, а таксама і другіх краін;

в) уваходзіць па пастанове агульнага схода юрыдычнай асобай у іншыя літаратурныя аб’яднанні;

г) выдае свой часопіс пад назваю «Полымя»;

д) арганізуе выдавецтвы для выдання твораў і прац сваіх сяброў;

е) утварае выстаўкі твораў сваіх сяброў, а таксама і твораў іншых пісьменнікаў, не ўваходзячых у аб’яднанне, па згодзе з імі;

ж) закладае, у выпадку патрэбы, свой клуб альбо куток;

з) прыцягвае ў свой склад выявіўшых сябе пісьменнікаў, гісторыкаў і крытыкаў беларускай літаратуры;

і) робіць матэрыяльную дапамогу сваім сябрам як непасрэдна, так і праз належныя дзяржаўныя і грамадзянскія ўстановы.

3. Праўленне «Полымя» знаходзіцца ў м. Менску.

4. Аб’яднанне мае свой штамп і пячатку з надпісам: «Аб’яднанне беларускіх пісьменнікаў "Полымя”» і карыстаецца правам юрыдычнай асобы.

 

 

ІІ. СЯБРЫ АБ’ЯДНАННЯ

5. Сябрамі аб’яднання «Полымя» могуць быць усе пісьменнікі, крытыкі і гісторыкі беларускай літаратуры, якія належна сябе выявілі і маюць друкаваныя працы і творы на беларускай мове, адпавядаючыя мэтам і заданням аб’яднання (гл. выкл. у арт. 1 і 2).

6. Сябар аб’яднання «Полымя» адначасова не можа належаць да іншых літаратурных групаванняў.

7. Уступ у аб’яднанне «Полымя» робіцца праз пісьмовую заяву, да якой павінны быць даданы кароткі жыццёпіс і пералік літаратурных твораў і прац як надрукаваных, так і рукапісных.

8. Заява аб жаданні ўвайсці ў сябры аб’яднання падаецца Праўленню, якое павінна па абгаварэнні кандыдатуры паставіць пытанне аб уключэнні таварыша на чародным агульным сходзе сяброў аб’яднання.

9. Кожны сябра аб’яднання мусіць выконваць усе абавязкі, якія ўскладаюцца на яго статутам аб’яднання, пастановамі агульнага схода і Праўлення. Калі сябра аб’яднання лічыць пастанову Праўлення альбо несправядлівай, альбо непрыёмнай для сябе, ён можа апеліраваць да агульнага схода.

10. Выхад з складу аб’яднання вольны, толькі выходзячы павінен падаць заяву аб тым, што ён пакідае аб’яднанне.

11. Выключэнне з сяброў аб’яднання можа быць і прымусовым, па пастанове агульнага схода.

Прымусовае выключэнне з аб’яднання адбываецца ў наступных выпадках:

а) пры неадпаведнасці літаратурнай творчасці або грамадскай чыннасці сябра аб’яднання мэтам і напрамку апошняга;

б) пры сістэматычным парушэнні статута аб’яднання, пастаноў агульнага схода і Праўлення;

в) пры такіх уласных паводзінах, якія могуць дыскрэдытаваць аб’яднанне як такое;

г) пры неўплаце падрад на працягу шасці месяцаў сяброўскіх узносаў без выстарчальных да таго прычын (арт. 25 стат.).

12. Прымусовае выключэнне робіцца агульным сходам па заяве Праўлення альбо не менш як трэцяе часткі сяброў аб’яднання.

13. Зваротны ўступ у аб’яднанне добраахвотна выбыўшых альбо выключаных за неўплату сяброўскіх узносаў адбываецца ў парадку арт. 7 і 8 гэтага статута. Прымусова выключаныя могуць падаць заяву аб уключэнні іх зноў у аб’яднанне не раней як праз год пасля выключэння.

 

 

ІІІ. КІРУЮЧЫЯ ЎСТАНОВЫ АБ’ЯДНАННЯ

14. Вышэйшаю ўстановаю аб’яднання з’яўляецца агульны сход яго сяброў.

15. Агульны сход сяброў аб’яднання дае напрамак чыннасці аб’яднання, пераглядае, у выпадках патрэбы, яго статут, зацвярджае новых сяброў аб’яднання і выключае старых у парадку арт. 10 і 11 статута, выбірае і ўпаўнаважвае прадстаўнікоў аб’яднання для ўдзелу ў з’ездах, канферэнцыях і інш. па літаратурных справах, абірае Праўленне і Рэвізійную Камісію, разглядае паасобна пытанні, якія ўносіць Праўленне.

16. Агульныя сходы бываюць чародныя і бесчарговыя. Чародныя сходы адбываюцца не менш аднаго разу ў паўгода, а бесчарговыя — у залежнасці ад патрэбы па ініцыятыве Праўлення альбо па запатрабаванню не менш як трэцяе часткі сяброў аб’яднання.

17. Агульны сход аб’яднання лічыцца паўнамоцным, калі ў ім удзельнічае не менш як дзве трэція часткі сяброў аб’яднання. Пытанні вырашаюцца на агульным сходзе простаю большасцю галасоў. Прэзідыум схода абіраецца кожны раз паасобна.

Увага: Агульны сход можа лічыцца правамоцным, калі на ім прысутнічае не менш палавіны сяброў аб’яднання ў выпадку недахопу да кворуму схода, скліканага ў другі раз.

18. Дзеля сталага кіраўніцтва справамі аб’яднання агульным сходам абіраецца Праўленне ў складзе пяці асоб (2-х кандыдатаў).

19. Праўленне распрацоўвае план чыннасці аб’яднання, падрыхтоўвае ўсе пытанні да пастаноўкі на агульным сходзе, выконвае даручэнні агульнага схода, мае права даваць даручэнні паасобным сябрам аб’яднання па справах, уваходзячых у межы чыннасці аб’яднання, выступае і адказвае ад імя аб’яднання ва ўсіх установах і па ўсіх патрэбах або непасрэдна, або з правам выдачы даверанасці, у выключных выпадках вырашае пытанні, падлягаючыя кампетэнцыі агульнага схода, вядзе агульныя справы аб’яднання і ведае яго грашовымі сродкамі.

20. Праўленне абірае са свайго складу старшыню, сакратарства і скарбніка.

21. Пасяджэнні Праўлення адбываюцца не меней аднаго разу ў месяц. Пытанні вырашаюцца Праўленнем простаю большасцю галасоў.

22. Аб сваёй чыннасці Праўленне робіць справаздачы на чародных агульных сходах.

23. Дзеля нагляду за грашовым справаводствам і мэтазгоднасцю грашовых патратаў аб’яднання агульным сходам абіраецца Рэвізійная Камісія ў складзе трох асоб. Рэвізія адбываецца не менш двух разоў у год. Акты Рэвізійнай Камісіі дакладваюцца агульнаму сходу разам са справаздачаю Праўлення.

 

 

IV. СРОДКІ АБ’ЯДНАННЯ

24. Сродкі аб’яднання складаюцца з наступных крыніц:

а) уступных узносаў сяброў аб’яднання;

б) штомесячных сяброўскіх узносаў;

в) выручкі ад платных літаратурных вечарын, адчыненых платных дакладаў і рэфератаў, платных выставак і выдавецтва;

г) іншых крыніц, апроч памянёных.

25. Уступныя ўзносы ўстанаўліваюцца ў 3 рублі з сябра, а сяброўскія — у адзін рубель у месяц. У выпадку выхаду альбо выключэння з аб’яднання ўступны ўзнос варочаецца цалкам быўшаму сябру, сяброўскія ж узносы не варочаюцца ні ў якім выпадку.

Увага: У адносінах да асобных сяброў аб’яднання пастановаю Праўлення ўступны і сяброўскія ўзносы могуць быць зменшаны.

26. Сродкі аб’яднання трацяцца Праўленнем па плану, ухваленаму агульным сходам, і на мэты, паказаныя гэтым статутам.

 

 

V. ЛІКВІДАЦЫЯ АБ’ЯДНАННЯ

27. Ліквідацыя аб’яднання робіцца ці пастановаю дзяржаўных заканадаўчых устаноў БССР, ці па пастанове агульнага схода аб’яднання.

28. Для ліквідацыі аб’яднання ў апошнім выпадку патрэбна прысутнічанне на агульным сходзе не менш як 4/5 ліку сяброў і галасаванне за ліквідацыю не менш 2/3 усіх сяброў аб’яднання.

29. Для ліквідацыі аб’яднання агульным сходам, пастанавіўшы аб ліквідацыі, абіраецца ліквідацыйная камісія, якая акт ліквідацыі з пастановаю агульнага схода перадае Наркамасветы, па загаду якога скарыстоўваецца маёмасць аб’яднання.

Сябры-закладчыкі

аб’яднання «Полымя:

М. Чарот, 3. Жылуновіч, Я. Пятровіч, Піятуховіч,

Якуб Колас, Андр. Александровіч, М. Зарэцкі,

А. Гурло, Я. Купала, Міх. Грамыка.

 

 

1928

 

СУПРОЦЬ КАТАРЖНАГА ПРЫСУДУ НАД ГРАМАДОЙ

(Да працоўных і да культурных дзеячоў усяго свету)

 

22 мая ў Вільні скончыўся працэс Беларускай Сялянскай Работніцкай Грамады. На працягу трох месяцаў увесь свет быў сведкам суда над цэлым народам, сведкам судовага працэсу, у матэрыялах якога, як сказаў на судзе польскі патрыёт, абаронца падсудных праф. Петрусевіч, ніводзін будучы гісторык не знойдзе праўды.

Гэта быў суд, абвінавачванне якога было пабудавана на паказаннях правакатараў, на паказаннях яўных і тайных агентаў польскай дэфензівы. Гэтыя лжывыя паказанні з’явіліся падставай для катаржнага, ужо раней сфабрыкаванага прысуду.

За што ж судзілі Грамаду? Паказанні правакатараў і ахраннікаў, прамовы пракурораў, увесь абвінавачвальны акт гаворыць аб тым, што Грамаду судзілі за дамаганне самавызначэння беларускага народа, за дамаганне зямлі для сялянства, за дамаганне беларускай школы.

Прысуд над Грамадой з’яўляецца ўзаконеннем каланізатарства, палітыкі тэрору, фізічнага і культурнага знішчэння беларускага народа ў Заходняй Беларусі.

Судовы працэс Грамады паказаў усяму свету, што рабочыя і сяляне Заходняй Беларусі толькі за імкненне дабіцца элементарных чалавечых праў трактуюцца як праступнікі, кідаюцца ў турмы і пераносяць сярэдневяковыя катаванні.

Гэта робіцца ў той час, калі на другім баку існуючых межаў, у Беларусі Савецкай, якая на правах самастойнай дзяржавы ўваходзіць у вялікі Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, дзе ўсе нацыі (палякі, яўрэі, латышы, літоўцы) маюць аднолькавыя правы, сялянства карыстаецца ўсёю зямлёю, разам з рабочымі шпарка адбудоўвае сваю гаспадарку, будуе беларускую школу, беларускую культуру і культуру ўсіх іншых нацыянальнасцей, з’яўляючыся гаспадаром свайго ўласнага жыцця.

Грамаду імкнуліся ўтаясаміць з Камуністычнай партыяй Заходняй Беларусі. І гэта невыпадкова, бо польскі фашыстоўскі ўрад добра разумее, што працоўныя масы змогуць дабіцца свайго сацыяльнага і нацыянальнага вызвалення толькі тады, калі яны будуць змагацца супольна і пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі. Аб’явіўшы Камуністычную партыю Заходняй Беларусі нелегальнай, толькі ўрад намагаўся ўтаясаміць Грамаду з Кампартыяй, каб запалохаць несвядомыя колы працоўных, каб збіць іх з правільнага шляху да свайго вызвалення.

Грамада з’яўляецца масавай арганізацыяй сялян і рабочых. Абараняючы інтарэсы шырокіх працоўных мас, Грамада не магла не выступаць супроць цкавання міжнароднага пралетарыяту, супроць падрыхтоўкі новых войн, супроць тэрору, які праводзіць фашыстоўскі ўрад проці працоўных Польшчы і Заходняй Беларусі. Гэтую дзейнасць суд імкнуўся назваць выкананнем дырэктыў другой дзяржавы, тэрарыстычнай дзейнасцю.

Акт абвінавачвання, судовыя матэрыялы давялі і паказалі толькі адно — гэта правакацыйны характар усяго працэсу, паказалі невіноўнасць усіх абвінавачаных.

Не маючы жаданых падстаў для прысуду абвінавачаных, польскі ўрад пайшоў на новы манеўр. Вызваленнем адных, цяжкім прысудам асноўнай масы падсудных фашыстоўскі ўрад адшуквае новыя сродкі і шляхі для сваёй каланізатарскай палітыкі, ён імкнецца сваім прысудам раскалоць моцны рабоча-сялянскі рух за нацыянальнае і культурнае вызваленне. Аб гэтым павінны ведаць і памятаць усе тыя, каму дорага справа працоўных, каму дорага справа культурна-нацыянальнага вызвалення беларускага народа ў Заходняй Беларусі.

Разгромам Грамады, разгромам усяго свядомага і арганізаванага ў Заходняй Беларусі польскі фашызм імкнецца змесці ўсякія перашкоды ў сваёй падрыхтоўцы для збройнага нападу на Савецкую Беларусь і на СССР. Аб гэтым таксама павінны ведаць і памятаць працоўныя Заходняй Беларусі і Польшчы. Аб гэтым павінны ведаць працоўныя ўсяго свету.

Мы заклікаем працоўных усяго свету, заклікаем увесь культурны свет пратэставаць проці прысуду, пабудаванага на адной правакацыі.

Мы патрабуем вызвалення ўсіх абвінавачаных.

Мы ганьбім згодніцкія беларускія партыі Заходняй Беларусі, якія за ўвесь час працэсу не ўзнялі свайго голасу супроць суда над беларускім народам, якія фактычна дапамагалі пасадзіць Грамаду на лаўку падсудных.

Мы заклікаем усіх чэсных, культурных дзеячоў Заходняй Беларусі трымаць цесную сувязь з беларускімі працоўнымі масамі, арганізоўваць гэтыя масы ў мэтах абароны беларускай нацыі, у мэтах стварэння адзінага фронту беларускіх рабочых і сялян з рабочымі і сялянамі Польшчы.

Мы заклікаем працоўныя масы і культурных дзеячоў усяго свету падняць барацьбу за вызваленне ўсіх палітвязняў, што томяцца ў польскіх турмах.

Мы заклікаем працоўных і культурных дзеячоў усяго свету згуртавацца вакол міжнароднае арганізацыі дапамогі палітвязням.

Камітэт навуковых працаўнікоў і пісьменнікаў БССР па абароне Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады: Старшыня Камітэта, народны паэт Беларусі, правадзейны член Інбелкульта Я. Купала.

Члены: Народны паэт Беларусі, правадзейны член Інбелкульта Якуб Колас; Старшыня секцыі навуковых працаўнікоў БССР прафесар С. Я. Вальфсон; Прэзідэнт Інбелкульта, прафесар У. Ігнатоўскі; заслужаны прафесар, рэктар БДУ, правадзейны член Інбелкульта У. Пічэта; правадзейны член Інбелкульта

З. Жылуновіч; правадзейны член, неадменны сакратар Інбелкульта В. Ластоўскі; дацэнт БДУ д-р А. Сянкевіч; правадзейны член Інбелкульта і старшыня Галоўнавукі С. Некрашэвіч; дырэктар Інстытута сельскай і лясной гаспадаркі Г. Гарэцкі; правадзейны член Інбелкульта, прафесар

А. Смоліч; прафесар М. Грэдзінгер;

А. Цвікевіч; А. Ашаровіч; правадзейны член Інбелкульта, дацэнт БДУ Язэп Лёсік; Я. Клыс; асістэнт БДУ д-р Трамповіч.

 

 

1930

 

ПРАТЭСТ ПІСЬМЕННІКАЎ БССР

Крывавым жахам набраклі прасторы Заходняй Украіны. Карнымі экспедыцыямі, забойствамі, катаваннямі, нечуванымі здзекамі польскі азвярэлы фашызм імкнецца задушыць рэвалюцыйны нацыянальна-вызваленчы рух шырокіх працоўных мас Зах<одняй> Украіны. Рэвалюцыйную барацьбу супроць фашысцкага панавання, супроць сацыяльнага і нацыянальнага прыгнечання, здзекаў паліцэйскіх, жандараў, урадаўцаў і г. д. польскі фашызм хоча загасіць разбурэннем рэштак мізэрнай сялянскай маёмасці, астрогам, разбурэннем культурна-асветных устаноў. Польскі фашызм пабівае зараз свой рэкорд злачынстваў у адносінах да працоўных мас.

Маўчыць зараз Папа Рымскі і капіталістычная зграя набожных і няверуючых «гуманістычных», ствараючы адзіны фронт з польскім фашызмам. У гэты адзіны фронт уключаюцца заходне-ўкраінская буржуазія, нацыянал-дэмакраты і заходне-ўкраінскае духавенкраты з мітрапалітам Шаптыцкім на чале.

Нацыянал-дэмакраты Зах<одняй> Украіны і Зах<одняй> Беларусі, а таксама і іх аднадумцы ў БССР і УССР сваім зводніцтвам з польскім фашызмам непасрэдна дапамагаюць расправе польскага фашызму над працоўнымі Зах<одняй> Украіны, дапамагаюць падрыхтоўцы нападу яго на СССР, у першую чаргу на Савецкую Украіну і Савецкую Беларусь.

Беларускія савецкія пісьменнікі (члены літаб’яднанняў: БелАПП з секцыямі нацменшасцей, «Узвышша» і паасобныя пісьменнікі, якія не ўваходзяць у літаб’яднанні) выказваюць сваё абурэнне і пратэстуюць супроць агіднай расправы польскага фашызму над працоўнымі Зах<одняй> Украіны. Выказваючы сваё спачуванне ахвярам польскага фашызму ў Зах<одняй> Украіне, мы ўпэўнены, што толькі адзіны фронт працоўных Польшчы, Зах<одняй> Украіны і Зах<одняй> Беларусі можа спыніць злачынствы польскага фашызму і паскорыць канец яго панавання.

Мы спадзяемся, што ўсе пісьменнікі, усе культурнікі Захаду, усе тыя, што не аддаліся служэнню буржуазіі і фашызму, узнімуць свой голас пратэсту супроць фашысцкіх здзекаў у «культурнай» Польшчы над працоўнымі ўкраінцамі Зах<одняй> Украіны.

Ад імя беларускіх савецкіх пісьменнікаў і пісьменнікаў нацменшасцей БССР:

А. Александровіч, Змітрок Бядуля, Іл. Барашка, Л. Бэндэ,

Бранштэйн, Б. Вансоўскі, Цішка Гартны, П. Глебка,

Якуб Колас, Янка Купала, В. Каваль, К. Крапіва,

Я. Ліманоўскі, М. Лынькоў, Р. Мурашка, В. Сярбэнта,

В. Сташэўскі, А. Сянкевіч, І. Харык,

Міхась Чарот, Кузьма Чорны.

 

 

БЕЛАРУСКІЯ ПІСЬМЕННІКІ НА ДНЕПРАДЭСЕ

Па адчыненне Днепрадэса выязджала брыгада беларускіх пісьменнікаў у складзе Янкі Купалы, Андрэя Александровіча, Міхася Лынькова, Платона Галавача, З. Аксельрода і Сымона Баранавых.

Пісьменнікі наведалі таксама Харкаў, дзе былі горача сустрэнуты ўкраінскімі пісьменнікамі.

Ніжэй мы друкуем ліст гэтай брыгады.

Дарагія таварышы!

Прыносім шчырую братэрскую падзяку Аргкамітэту Саюза савецкіх пісьменнікаў Украіны і ўсім украінскім пісьменнікам за выключную прыязнь і цёплую сустрэчу, аказаную нашай дэлегацыі.

У часе свайго прабывання на Украіне мы мелі гонар пабыць на ўрачыстым адчыненні Дняпроўскай дзяржаўнай гідраэлектрастанцыі імя Леніна, пабачыць волат індустрыі — Харкаўскі трактарны завод і інш. Мы з’яўляемся сведкамі велізарнейшага росквіту ўкраінскай савецкай культуры, у тым ліку росту і разгортвання літаратуры і літаратурнага руху і іншых поспехаў на фронце культурнае рэвалюцыі Савецкай Украіны.

Нечуваныя здабыткі сацыялістычнай гаспадаркі і культуры Украіны сталі магчымымі толькі пад кіраўніцтвам ленінскай Камуністычнай партыі пры гераічным намаганні пралетарыяту і ўсіх працоўных мас краіны.

Кожны крок на савецкай зямлі — гэта мужны і пераможны поступ пралетарыяту ў змаганні за вялікія ясноты камуністычнай будучыні, за новае чалавецтва.

А там, за межамі — у Заходняй Украіне, Заходняй Беларусі і Польшчы,— стогнуць нашы браты — працоўныя, скутыя ланцугамі нацыянальнага і сацыяльнага прыгнёту. Але, нягледзячы на крывавы фашыстоўскі тэрор, яны ў гераічным змаганні пракладаюць шляхі да свайго вызвалення.

Наш рэвалюцыйны абавязак — мастацкім словам цэментаваць вялікую сацыялістычную будоўлю і дапамагаць нашым братам, што ў капіталістычных краінах, у іхнім змаганні з заклятымі ворагамі працоўнага народа.

Моц нашае культуры, моц нашага мастацкага слова ў вялікай інтэрнацыянальнай пралетарскай еднасці, якая змяце з зямлі ўсе перашкоды на шляху да стварэння новага, сацыялістычнага свету.

Няхай жа жыве інтэрнацыянальная еднасць нашых нацыянальных літаратур!

Няхай жыве шчыльнае яднанне пісьменнікаў Савецкай Украіны і Савецкай Беларусі!

Няхай жыве правадыр і арганізатар пераможнага поступу пралетарыяту — ленінская Камуністычная партыя!

 

 

ПІСЬМЕННІКІ БССР ПРАТЭСТУЮЦЬ СУПРОЦЬ ФАШЫСТОЎСКАГА СУДА НАД тав. Б. ТАРАШКЕВІЧАМ

Польскія фашысты ў саюзе з нацыянал-фашыстамі Заходняй Беларусі давялі да кульмінацыйнага пункту жахлівы, раз’юшаны наступ на нацыянальна-вызваленчы рух Заходняй Беларусі. Тысячы працоўных мас няшчадна эксплуатуюцца фашыстоўскімі катамі Пілсудскага, лёкаямі капіталізму. Сотнямі турмаў — драпежных засценкаў буржуазіі — польскі фашызм думае стрымаць вялікія рэвалюцыйныя хвалі працоўных мас Заходняй Беларусі ў іх барацьбе пад кіраўніцтвам КПП і КПЗБ за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне.

Для гэтай мэты азвярэлы фашызм не грэбуе самымі агіднымі метадамі: забойства з-за вугла, сярэдневяковыя катаванні, подкуп і правакацыя, фальшыўка і разгром рэвалюцыйных арганізацый, высылка тысяч ні ў чым не павінных жыхароў З<аходняй> У<краіны> і З<аходняй> Б<еларусі>, крывавая пацыфікацыя.

Але ж гэта сведчыць толькі аб бяссіллі крывавых катаў, аб набліжэнні апошняга часу дыктатуры бізуна і віселіцы — атрыбутаў панскай цывілізацыі. Не запалохаюць рабочы клас і рэвалюцыйных сялян Заходняй Беларусі, не запалохаюць гераічны авангард рабочага класа — Камуністычную партыю З<аходняй> Б<еларусі> і З<аходняй> У<краіны> — баявыя атрады Камінтэрна — ні шалёным тэрорам, ні правакацыямі.

З велізарнейшым абурэннем спатыкаюць працоўныя масы Беларусі новую камедыю суда над лепшым прадстаўніком працоўных мас З<аходняй> Б<еларусі> тав. Браніславам Тарашкевічам — былым старшынёй стотысячнай рабоча-сялянскай Грамады. Пераапранутым у судзейскія мундзіры вешацелям і жандарам не ўдасца схаваць класавую сутнасць гэтай камедыі. Правасуддзе фашыстаў, разграміўшых стотысячную арганізацыю рабочых і сялян, здрадніцкі захапіўшых у міжнародным цягніку чалавека, якога не ўдалося ні зламаць катаваннем, ні падкупіць дачасным выпускам з турмы,— добра вядомае працоўным масам.

Мы, пісьменнікі Савецкай Беларусі, падымаем свой голас абурэння і пратэсту супроць камедыі суда над Браніславам Тарашкевічам. Мы патрабуем яго вызвалення. Мы заклікаем пісьменнікаў усяго свету, усіх тых, каму дорага справа вызвалення эксплуатуемых, далучыць разам з намі свой голас да пратэсту мільённых мас рабочых і сялян Беларусі ў абарону Тарашкевіча.

Няхай жыве сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне працоўных мас Заходняй Беларусі пад кіраўніцтвам КПЗБ!

Няхай жыве гераічная КПП і КПЗБ!

Прэч фашыстоўскі тэрор!

Волю вязням капіталу! Волю змагару за вызваленне працоўных мас Браніславу Тарашкевічу!

 

Я. Купала, Я. Колас, А. Александровіч, М. Аляхновіч, З. Аксельрод,

С. Баранавых, М. Багун, П. Броўка, Хв. Бужан, Л. Бэндэ, П. Глебка,

А. Дудар, М. Зарэцкі, С. Знаёмы, В. Каваль, М. Клімковіч, А. Куляшоў,

Р. Кобец, К. Крапіва, Т. Кляшторны, М. Лынькоў, С. Ліхадзіеўскі, А. Ліпнёвы,

М. Лужанін, Б. Мікуліч, М. Модэль, Р. Мурашка, М. Нікановіч, Ул. Стэльмах,

Ю. Таўбін, М. Тэйф, І. Харык, Ул. Хадыка, М. Хведаровіч, М. Чарот,

К. Чорны, С. Шушкевіч.

 

1933

 

АДКАЗ КАМСАМОЛЬЦАМ СЛУЧЧЫНЫ

Таварышы камсамольцы Случчыны!

У газеце «Чырвоная змена» мы прачыталі ваш ліст да пісьменнікаў БССР, ваш рахунак да ўсіх нас. Вы патрабуеце ад нас новых п’ес, песеннікаў, дэкламатараў, інсцэніровак, зборнікаў з мастацкімі апавяданнямі.

Вы нам прад’явілі вельмі цяжкае абвінавачванне, што з-за нас вельмі рэдка ўзнімаецца заслона калгаснай сцэны. Так, таварышы, мы адчуваем адказнасць і ў сваю чаргу хочам прыцягнуць да адказнасці і Дзяржаўнае Выдавецтва Беларусі, якое за апошні час фактычна ігнаруе справу выдання рэпертуару для калгаснай сцэны. Той факт, што ДзВБ у 1933 годзе выдала 2 п’ескі, а ў плане чацвёртага квартала няма ніводнае, гаворыць сам за сябе.

Вы, таварышы камсамольцы Случчыны, хаця крыху са спазненнем, але ўзнялі гэтае пытанне, бо і сапраўды, як можна праводзіць культмасавую работу ў калгасах, калі не будзе адпаведнага матэрыялу? Канчатковы паварот бядняцкіх і серадняцкіх мас у бок сацыялізму, барацьба з кулацтвам, барацьба за арганізацыйнае ўмацаванне калгасаў, барацьба за падняцце ўраджайнасці, за ахову сацыялістычнай маёмасці і цэлы рад важнейшых мерапрыемстваў нашага сацыялістычнага будаўніцтва, якія праходзяць пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі, вядуць да пабудовы бяскласавага грамадства, да сацыялізму. У гэтых важнейшых гістарычных працэсах адбываецца пераробка ўласніцкай псіхікі працоўнага селяніна старой вёскі, праводзіцца пераробка чалавека, знішчэнне эксплуатацыі чалавека чалавекам, аб чым нас вучыць наша партыя і яе генеральныя тэарэтыкі, правадыры Маркс — Энгельс — Ленін — Сталін.

Сённяшні ўдарнік сацыялістычнага поля, дэлегат з’езда калгаснікаў — гэта новы селянін. Аднак рэшткі капіталістычнага ладу ў вёсцы яшчэ трымаюцца, і пры аслабленні палітвыхаваўчай культмасавай работы яны вылазяць са ўсіх шчылін. Кулак яшчэ не дабіты, ніткі яго ідэалогіі тонка і хітра сплятаюцца там, дзе няма вострай зброі партыі, камуністычнай літаратуры, спектакля, песні, дзе няма новага віду разумнай забавы, адпачынку.

Сённяшні ўдарнік сацыялістычнага поля прад’яўляе і да літаратуры, і да мастацтва новыя запатрабаванні. Вы, таварышы камсамольцы, праваднікі ленінскіх ідэй у гушчы беспартыйнай моладзі і ўсёй масы калгаснікаў, аформілі гэтыя запатрабаванні ў рахунак.

Так, гэта — рахунак, які мы, савецкія пісьменнікі, прымаем і абавязваемся аплаціць.

Аплаціць мы яго павінны разам з Народным Камісарыятам Асветы і Дзяржаўным Выдавецтвам Беларусі.

Мы ўпэўнены, што пры напружанай нашай працы пад непасрэдным кіраўніцтвам ЦК КП(б)Б адсталы ўчастак на фронце культмасавай работы ў калгасах, а менавіта самадзейнае мастацтва—будзе ўзнята на належную вышыню, на ўзровень задач эпохі сацыялізму, на ўзровень запатрабаванняў новага земляроба сацыялістычнага поля.

Заслона калгаснай сцэны павінна быць увесь час узнятай для барацьбы з класавым ворагам, для камуністычнага выхавання калгасных мас, а таксама беднякоў, сераднякоў, аднаасобнікаў — будучых калгаснікаў, для разумнай забавы і адпачынку.

 

Янка Купала, Якуб Колас, Цішка Гартны, Ілья Гурскі, М. Ільінскі, Андрэй Александровіч, Міхась Лынькоў, В. Сташэўскі, К. Крапіва, Кузьма Чорны, Міхась Зарэцкі, Барыс Мікуліч, Платон Галавач, Міхась Блісцінаў, Васіль Каваль, Ул. Стэльмах. В. Шашалевіч, Яўг. Рамановіч.

 

 

1935

 

БАРАЦЬБІТУ ЗА ПЕРАДАВЫЯ ІДЭІ ЧАЛАВЕЦТВА

 

Дарагі Рамэн Ралан!

Вы ўпершыню ўступілі на зямлю нашай вялікай Радзімы, перавыкоўваючай шчасце для чалавека, за якое горда і неаслабна змагаецеся Вы — чалавек ідэйнай мужнасці, чэснасці і непадкупнасці.

У гэтыя дні Вашы сябры і таварышы на Міжнародным кангрэсе сабраліся для абароны культуры, супроць фашызму і яго варварства, для абароны СССР. Вы сваім прыездам тое самае дэманструеце тут, на радзіме пралетарыяў свету.

Нашы шчырыя і сардэчныя прывітанні і пажаданні Вам, дарагі і лепшы прадстаўнік інтэлігенцыі свету, змагар супроць фашызму, супроць новых войн, за справу міру, за сапраўдную культуру, за лепшыя ідэі чалавецтва, якія ажыццяўляе на справе наша сацыялістычная Радзіма.

Па даручэнню Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР

М. Клімковіч, Андрэй Александровіч, Я. Купала, Я. Бранштэйн,

І. Харык, К. Крапіва, П. Галавач, Кузьма Чорны.

 

 

ТРОХКУТНІКУ МАГІЛЁЎСКАЙ ФАБРЫКІ ШТУЧНАГА ШОЎКУ

Жыць стала лепш, таварышы! Жыць стала весялей — вось неўміручыя словы вялікага Сталіна, што просяцца на вусны, калі мы вітаем вас, таварышы рабочыя, тэхнічны персанал і служачыя Магілёўскай фабрыкі штучнага шоўку, з вашай пераможнай пяцігодкай.

Адышла беспаваротна ў мінулае старая, жабрачая, бескультурная Беларусь — краіна нябачнага сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту.

Гіганты сацыялістычнай індустрыі пераможна крочаць па нашай краіне,— сярод іх пачэснае месца вашай фабрыцы.

На працягу пяці год пабудаваць падобную фабрыку, перавыхаваць пяцітысячны калектыў, асвоіць сучасную складанейшую тэхніку вытворчасці штучнага шоўку, біць тэхнічныя нормы капіталістычных прадпрыемстваў — ці ж не з’яўляецца гэта найпрыгажэйшым цудам нашых дзён?

Ці ж не таму савецкія пісьменнікі лічаць для сябе справай гонару пісаць аб такіх, як вы,— выдатных будаўніках бяскласавага грамадства?

Праўленне Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР шле вам гарачыя прывітанні к дню вашай слаўнай пяцігодкі.

А. Александровіч, Я. Бранштэйн, П. Броўка, І. Гурскі, П. Галавач, Я. Купала, Я. Колас, М. Клімковіч, М. Лынькоў, К. Чорны, М. Чарот, I. Харык.

 

 

1936

 

БЫВАЙ, НАШ ГОРКІ!

Памёр Максім Горкі! Памёр найвялікшы пісьменнік сучаснасці, імя якога знаёма і любіма працоўнымі ўсяго свету, творы якога выхоўвалі, выхоўваюць і будуць выхоўваць пакаленні бясстрашных барацьбітоў за справу пралетарыяту. Памёр вялікі рэаліст — наследнік вялікіх рускіх пісьменнікаў XIX века, жывое звяно паміж класічным мастацтвам мінулага і новым мастацтвам сацыялізму. Памёр найвялікшы пісьменнік рабочага класа, буравеснік пралетарскай рэвалюцыі, які ўсё жыццё, да апошняга ўздыху, аддаў служэнню пралетарыяту, магутны мастак слова, сэрца якога білася вялікай любоўю да ўсіх прыгнечаных і спапяляючай нянавісцю да ўсіх эксплуататараў і прыгнятальнікаў.

Памёр вялікі друг Леніна і Сталіна, памёр чалавек родны і блізкі кожнаму працоўнаму Саюза Савецкіх Рэспублік, кожнаму працоўнаму любой краіны, любой нацыі. Памёр найвялікшы пралетарскі гуманіст, чый голас будзіў сумленне лепшых людзей свету, лепшых прадстаўнікоў інтэлігенцыі Захаду і Усходу. Голас Горкага клікаў іх на смяротную барацьбу з усякім мракабессем, чалавеканенавісніцтвам, з фашысцкімі бандамі, рыцарамі бізуна і вайны. Ён вёў іх на барацьбу ў імя шчаслівага камуністычнага жыцця, у імя чалавечай годнасці, бо «чалавек — гэта гучыць горда».

У горы, схіляючы сцягі над труной Аляксея Максімавіча, мы ведаем: геніяльныя словы яго будуць гучаць у вяках, імя яго ніколі не будзе забыта чалавецтвам.

Для нас жа, савецкіх пісьменнікаў, якім выпаў гонар быць малодшымі саратнікамі Аляксея Максімавіча, ён — і ў далейшым, як пры жыцці сваім, будзе служыць вялікім прыкладам пісьменніка, беззаветна адданага справе рабочага класа.

Бывай, друг, бывай, настаўнік, бывай, наш Горкі!

Шчарбакоў, Ангараў, Айні, Афінагенаў, Асееў, Александровіч, Алазан, Алекберлі, Астэміраў, Акоп-Акапян, Аросеў, Айсханаў, Адаліс, Анісімаў, Бахмецьеў, Бах, Безыменскі, Балотнікаў, Бегімаў, Біль-Белацаркоўскі, Беразоўскі, І. Бабель, Беспашчадны, Верасаеў, Вішнеўскі, Віртанскі, Вургун, Гладкоў, Гарбуноў, Гарэлаў, Герасімава В., Г айраці, Гольдберг, Галодны, Джавахішвілі, Дзям'ян Бедны, Джансугураў, Джывелегаў, Золатаў, Зошчанка, Іваноў Вс., Ілеш, Іргат Кадыр, Кірпоцін, Кіршон, Клімковіч, Кулік, Катаеў, Караваева, Кальцоў, Кірыленка, Капыленка, Купала, Колас, Касіль, Катаеў В., Кочын, Лахуці, Лявонаў Л. Е., I. Лупол, Лібедзінскі, Лайцэн, Лідзін, Лугаўской, Леўман, Мікітэнка, Маджыдзі, Малышкін, Маршак, Маркіш, Мірскі, Малчанаў, Новікаў-Прыбой, Накаракаў, Наджмі, Нікулін Л., Нікандраў, Нейштат, Алеша, Авалаў, Аршанскі, Асінскі, Панфёраў, Панч, Паўленка, Пільняк, Пастэрнак, Пагодзін, Прышвін, Первамайскі, Папоў, Пельшэ, Стаўскі, Сейфуліна Л., Сіманян, Серафімовіч, Слонімскі, Субоцкі Л., Собалеў, Сямёнаў, Сіткоўскі, Тынянаў, Ціханаў, Талстой, Тарашэлідзе, Таш-Пазараў, Трэнёў, Тычына, Тагіраў, Такамбаеў, Фадзееў, Федзін, Фефер, Форш, Фінк, Харык, Чарыеў, Чапыгін, Чанда, Чубар, Шолахаў, Шагінян, Шырабон, Шторм, Эрэнбург, Эйдэман, Эрдберг, Эулі, Эфрос, Юдзін, Ясенскі, Яшэн, Яшвілі, Яноўскі.

 

 

РОДНЫ, ЛЮБІМЫ ІОСІФ ВІСАРЫЁНАВІЧ!

Гневам, усё нарастаючым, усё знішчаючым магутным гневам — напоўніліся сэрцы 170-мільённага народа, калі даведаўся ён з матэрыялаў абвінаваўчага заключэння аб усіх агідных зладзействах мярзотнікаў з контррэвалюцыйнай трацкісцка-зіноўеўскай банды, прадаўшы душу сваю і цела германскай фашыстоўскай ахранцы, з жахлівым цынізмам і разлікоўнасцю рыхтаваўшых замах на самае дарагое, што ёсць у народа,— на яго правадыроў.

Пачуццё вялікага болю, нянавісці да ворагаў агарнула нас, калі даведаліся мы, што тройчы прэзрэнныя Троцкі, Зіноўеў і Каменеў адабралі ад народа палкага правадыра, чалавека вялікага сэрца Сяргея Міронавіча Кірава.

Ледзяным жахам павеяла на нас, калі даведаліся мы, што трацкісцка-зіноўеўскія вырадкі рыхтавалі замах на Вашае жыццё — жыццё, што належыць усяму працоўнаму чалавецтву, жыццё, за якое мы — сыны вялікага народа Саюза Саветаў — гатовы аддаць сваю кроў.

Родны Іосіф Вісарыёнавіч!

Вы — правадыр працоўнага чалавецтва, яго бацька і настаўнік. Вы — сонца, пад якім квітнее камуністычнае грамадства ў нашай краіне. Вы і лёс камунізму — непарыўнае цэлае. Вось чаму народы Савецкага Саюза поўны да Вас высокай любові, вось чаму яны, абкружаючы Вас, свайго роднага і любімага генія, і ўсіх Вашых саратнікаў жалезнай сцяной, недаступнай для ворага і здраднікаў, аднадушна заяўляюць:

Смерць бандыцкім вырадкам, якія ёсць у рэвалюцыі і што замахнуліся на яе мозг, сэрца — на Сталіна!

Выпаліць і да канца раскрыць усе змяіныя гнёзды трацкісцка-зіноўеўскай контррэвалюцыі!

Родны Іосіф Вісарыёнавіч!

Мы яшчэ больш узмоцнім нашую пільнасць, рэвалюцыйную непрымірымасць да ворагаў народа. Вы ж беражыце сябе, беражыце сваё здароўе, жывіце ў добрым здароўі многа-многа год на радасць і шчасце чалавецтва.

Беларускія савецкія пісьменнікі выказваюць Вам сваю гарачую любоў і адданасць і заканчваюць словамі з ліста беларускага народа да Вас:

 

Хай смутак вачэй тваіх добрых не росіць,

Ці сонейка захад, ці сонейка ўсход.

Прымі прывітанне, якое прыносіць

Табе, правадыр, беларускі народ!

 

Ад імя Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР:

Янка Купала, Якуб Колас, Андрэй Александровіч, Міхась Лынькоў, Пятрусь Броўка, Платон Галавач, Ілья Гурскі, Якаў Бранштэйн, Міхась Чарот, Пятро Глебка, Ізі Харык, Кандрат Крапіва, Эдуард Самуйлёнак, Кузьма Чорны, М. Кульбак, Ал. Кучар, Барыс Мікуліч, Змітрок Бядуля.

 

 

ДАРАГІ КАНСТАНЦІН МІХАЙЛАВІЧ!

Трыццаць год назад, у глухую поўнач народнага гора і гневу, над палітымі крывёю і потам працоўных беларускімі абшарамі ўпершыню ўзнялася Ваша песня, простая і хвалюючая, гордая і суровая, яна клікала на штурм супраць багацеяў, паноў і самаўладства.

Былі гады, калі Ваша песня падала ў багну нацыяналізму. Але, зноў узнімаючыся, яна нарэшце ажыла, знайшла свой народны голас і цяпер дапамагае савецкаму беларускаму народу будаваць пад кіраўніцтвам партыі бальшавікоў Беларусі і яе баявога кіраўніка М. Ф. Гікалы новае, радаснае і шчаслівае жыццё.

Вашы песні, Ваша мастацкае слова, дарагі Канстанцін Міхайлавіч, як ніколі расквітнелі ў вясне новых чалавечых спраў, у вясне краіны сацыялізму. Вы адчулі, што толькі Кастрычнік і ленінска-сталінская нацыянальная палітыка вядуць да разняволення працоўныя народы, да разняволення мастацкага слова.

Няхай жа Ваша мастацкае слова яшчэ больш горда, яшчэ больш моцна загучыць на гора ворагам і на радасць творцам сацыялізму. Няхай жыве пераможная партыя бальшавікоў! Няхай жыве вялікі Сталін!

Праўленне Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР: Андрэй Александровіч, Пятрусь Броўка, Якаў Бранштэйн, Платон Галавач, Ілья Гурскі, Янка Купала, Міхась Лынькоў, Ізі Харык, Міхась Чарот, Кузьма Чорны.

 

 

ГЕРАІЧНАМУ НАРОДУ ІСПАНІІ. ЛАРГА КАБАЛЬЕРА, ХАСЭ ДЫЯСУ, ДАЛОРЭС ІБАРУРЫ, РАФАЭЛЮ АЛЬБЕРЦІ

Дарагія таварышы!

Пад сцягам пралетарскага адзінства гераічны народ Іспаніі мужна і самааддана змагаецца з варварскім фашысцкім збродам, абараняючы ідэі чалавецтва, ідэі прагрэсу, росквіту, культуры, міру і свабоды. У цяснінах гор, на палях Валенсіі, на подступах да Мадрыда лепшыя сыны іспанскага народа праліваюць сваю кроў у імя гэтых ідэй. Націск ворага, які нечуваным тэрорам, пажарамі і расстрэламі, здзекамі над безабаронным мірным насельніцтвам гарадоў і вёсак імкнецца пасеяць страх у сэрцах байцоў народнага фронту, атакі азвярэлых наёмных забойцаў, узброеных да зубоў з арсеналаў Гітлера і Мусаліні, сустракаюць дастойны адпор. У адзіным парыве паўстаў працоўны народ Іспаніі на рашучы бой з фашызмам, і ў шэрагах герояў ідуць мужныя жанчыны Іспаніі. «Перамагчы альбо загінуць!», «Лепш быць удавой героя, чым жонкаю труса!»

Ад першых дзён, калі ўспыхнуў пажар грамадзянскай вайны на палях Іспаніі, нашы лепшыя думкі і пачуцці з вамі, слаўныя абаронцы Мадрыда, з вамі, адважныя байцы Авіеда, фашысцкія орды будуць разбіты, разгромлены дашчэнту, іх сустрэне ганебны лёс рускай белагвардзейшчыны. Дзень расплаты блізкі! Мы з вамі, дарагія таварышы, любоў і дружба перадавога чалавецтва акружае вас. Народы вялікага Савецкага Саюза падаюць вам братнюю руку дружбы і дапамогі.

Працоўныя Савецкага Саюза «...добра ўяўляюць сабе, што вызваленне Іспаніі ад гнёту фашысцкіх рэакцыянераў не ёсць прыватная справа іспанцаў, а — агульная справа ўсяго перадавога і прагрэсіўнага чалавецтва». Так сказаў правадыр савецкага народа, геній пралетарскай рэвалюцыі — вялікі Сталін!

Хаваючыся ад гневу працоўных мас за блудлівымі дэкларацыямі, германскія, італьянскія і партугальскія фашысты ўзбройваюць банды вашых ворагаў. Савецкі ўрад выкрыў гэтую брудную работу, і ў зарыве пажару вашай зямлі ўсё чалавецтва бачыць цяпер узброеную акрываўленую лапу, што рыхтавала ўдар з тылу. Наглы вораг будзе абяззброены! Мы з вамі, таварышы!

Народы Краіны Саветаў спяваюць песні вашага змагання. Народы вялікага Саюза паўтараюць імёны вашых герояў. Словы вашых трыбунаў і паэтаў гімнамі перамогі гучаць у нашых сэрцах. Мы з вамі, таварышы!

Смела ідзіце ў бой, не адступаючы ні на крок, бо перамога за вамі, за вамі праўда гісторыі! Чорная пена фашысцкай рэакцыі будзе змыта з цудоўнай зямлі вялікага і мужнага народа Іспаніі. Вашы справы будуць памятаць праз вякі шчаслівыя пакаленні будучыні!

Смела, таварышы! Памятайце, мы з вамі!

А. Александровіч, З. Аксельрод, З. Бядуля, П. Броўка, Я. Бранштэйн, І. Гурскі, П. Галавач, П. Глебка, Ц. Гартны, Ал. Звонак, Я. Купала, Я. Колас, М. Кульбак, К. Крапіва, Г. Камянецкі, Л. Кацовіч, М. Лынькоў, Б. Мікуліч, Эд. Самуйлёнак, I. Харык, К. Чорны, М. Чарот, Хв. Шынклер.

 

 

ПРАВАДЫРУ НАРОДАЎ ВЯЛІКАМУ СТАЛІНУ

Дарагі Іосіф Вісарыёнавіч!

Вы, правадыр працоўнага чалавецтва, разам з вялікім Леніным вывелі беларускі народ з-пад цемры царскага самаўладства, Ваша воля правяла нас праз франты грамадзянскай вайны, праз вялікае сацыялістычнае будаўніцтва ў наша радаснае, шчаслівае сягонняшняе жыццё. Беларускі народ цвёрда стаіць на заходняй граніцы нядрэмным вартавым кастрычніцкіх заваёў, мужным абаронцам дарагой нам Радзімы — вялікага Савецкага Саюза.

Працоўныя Савецкай Беларусі ніколі не забудуць катаванні эксплуататараў і іх прыслужнікаў, агентаў фашызму — беларускіх нацыяналістаў. Гнеў народа назаўсёды змёў іх з нашай свяшчэннай савецкай зямлі. Яго гнеў і цяпер, як і раней, неўміручы да ўсяго, што адзначана жахлівасцю вайны і шавіністычнай рэакцыяй.

Вялікая любоў у нашага народа да неабсяжнай сацыялістычнай Радзімы, да нашай Камуністычнай партыі бальшавікоў.

Крывавы фашызм, які нясе свету вайну, голад, знішчэнне працоўных мас, узнёс цяпер сваю чорную руку над палямі і гарадамі гераічнага іспанскага народа, каб задушыць дэмакратычную рэспубліку, каб знішчыць культуру, якую чалавецтва збірала вякамі. Мову найвялікшых майстроў Гётэ, Сервантэса, Дантэ замянілі яны мовай снарадаў і авіябомб. Яны мараць ператварыць вольную іспанскую зямлю і гарады ў канцэнтрацыйныя лагеры і турмы.

Не, не быць гэтаму! Няхай ведаюць праклятыя вырадкі чалавецтва, што кожная кропля пралітай імі крыві разгарыцца непаўторным гневам усіх працоўных свету!

Дарагі і любімы Іосіф Вісарыёнавіч! Працоўныя і ўсе сябры міру ніколі не забудуць вашых слоў вялікага чалавечага бальшавіцкага гуманізму пра тое, што «...вызваленне Іспаніі ад гнёту фашысцкіх рэакцыянераў не ёсць прыватная справа іспанцаў, а — агульная справа ўсяго перадавога і прагрэсіўнага чалавецтва».

Ужо ўстаюць на барыкады новыя і новыя сілы працоўных свету, і ў голасе іх мы чуем: «Яны не пройдуць!» Не ўдасца іспанскім бандытам і інтэрвенцкаму фашызму Германіі, Італіі і Партугаліі паставіць на калені народную Іспанію! Не ўдасца ім кроўю вайны знішчыць дэмакратычны народ!

Пісьменнікі Савецкай Беларусі яшчэ вышэй узнімуць сцяг сацыялістычнага мастацтва, зробяць яшчэ больш баявой і магутнай сваю зброю, яшчэ вышэй узнімуць сцяг пралетарскага інтэрнацыяналізму, сцяг братэрскай салідарнасці і яшчэ больш голасна скажуць: «Яны не пройдуць!» Не быць на каленях народу Іспаніі перад сусветным фашызмам!

А. Александровіч, З. Аксельрод, З. Бядуля, П. Броўка, Я. Бранштэйн, І. Гурскі, П. Галавач, П. Глебка, Ц. Гартны, Ал. Звонак, Я. Купала, Я. Колас, М. Кульбак, К. Крапіва, Г. Камянецкі, Л. Кацовіч, М. Лынькоў, Б. Мікуліч, Эд. Самуйлёнак, І. Харык, К. Чорны, М. Чарот, Хв. Шынклер.

 

ПАЭТЫ І ПІСЬМЕННІКІ ПРА ДОМ ЧЫРВОНАЙ АРМІІ

Тое, што мы бачылі,— цудоўна. Людзі, якія ствараюць Дом Чырвонай Арміі, забяспечваюць надзвычай удалае спалучэнне высокай змястоўнасці будучай работы Дома з добрым мастацкім густам. У ДЧА мы нібы ўбачылі разумны, культурны твар камандзіра нашай роднай Чырвонай Арміі.

Жаданне наша—даць камандзіру вартую ствараемага Дома работу і забяспечыць жывы кантакт Дома з нашым атрадам работнікаў мастацтва.

Прывітанне будаўнікам! Прывітанне нашым выдатным камандзірам!

Хутчэй заканчвайце такую ж другую чаргу!

А. Суркоў, Я. Купала, Іван Лэ, Т. Масэнка, І. Муратаў, В. Кудзімаў, Я. Бранштэйн, П. Галавач, А. Гурло, М. Хведаровіч.

 

 

БЕЛАРУСКІЯ САВЕЦКІЯ ПІСЬМЕННІКІ — тав. С. АРДЖАНІКІДЗЕ

Дарагі Сярго!

Вам, адданаму са слаўнейшых з кагорты старой ленінскай гвардыі, найбліжэйшаму другу і саратніку геніяльнага Сталіна, беларускія савецкія пісьменнікі шлюць палкае прывітанне ў дзень Вашага пяцідзесяцігоддзя.

Ваша імя і справы, дарагі Сярго, непарыўна звязаны з бяссмертнай і свяшчэннай справай Леніна — Сталіна. І ў змрочныя дні Вашага юнацтва, і ў громах грамадзянскай вайны, і ў пераможным будаўніцтве сацыялізму Вы высока і непарушна нясеце сцяг працоўнага чалавека — Сцяг Леніна — Сталіна.

Ваша выдатнае, яркае жыццё прайшло ў бітвах і наступленнях. Вы, як і Вашы вялікія настаўнікі і саратнікі Ленін і Сталін, не ведалі паражэнняў.

Вашай выключнай энергіі абавязана Савецкая Краіна не адной перамогай на франтах грамадзянскай вайны, у абароне нашай радзімы і ў галіне цяжкой прамысловасці, слаўным кіраўніком якой Вы з’яўляецеся.

Дарагі Сярго!

Нам, беларускім савецкім пісьменнікам, асабліва дорага Ваша імя таму, што з ім звязана не адна перамога беларускага народа, Чырвонай Арміі ў гады барацьбы супраць панскіх польскіх наймітаў. Мы ўспамінаем дваццаты год, Беларусь, якая стагнала пад пятой пілсудчыны, гарады і сёлы, знішчаныя дарэшты ворагам, і Вас, наш родны Сярго, які асабіста ідзе ў разведку на белапалякаў, Ваш сакрушальны ўдар па часцях польскай арміі пад Барысавам.

Горача вітаючы Вас у дзень Вашага слаўнага пяцідзесяцігоддзя, беларускія пісьменнікі жадаюць Вам многа год жыцця, радасці і шчасця.

Няхай жыве наш слаўны родны Сярго!

Няхай жыве геній чалавецтва — Сталін!

 

Андрэй Александровіч, З. Аксельрод, З. Бядуля, Я. Бранштэйн, П. Броўка, П. Глебка, П. Галавач, І. Гурскі, Янка Купала, Якуб Колас, А. Кучар, М. Кульбак, К. Крапіва, М. Лынькоў, Ізі Харык, Кузьма Чорны.

 

 

1938

 

ВАЕННАЙ КАЛЕГІІ ВЯРХОЎНАГА СУДА СССР

Велізарнейшым гневам і нянавісцю напоўніліся нашы сэрцы, калі мы даведаліся, што тройчы праклятыя вырадкі, здраднікі, шпіёны і забойцы з праватрацкісцкай банды Троцкага, Бухарына, Рыкава і інш. хацелі прадаць нашу Бацькаўшчыну азвярэламу фашызму, раскрамсаць свяшчэнную зямлю нашай дарагой Радзімы, затапіць у крыві здабытыя ў баях свабоду і шчасце вялікага савецкага народа.

Усё лепшае, усё перадавое чалавецтва жахнулася ад нябачанай у гісторыі чорнай здрады подлых іуд, злачыннай зграі халопаў капіталу.

З чым параўнаць злачынствы гэтых шалёных фашысцкіх сабак?

Змрочнае і жудаснае сярэдневякоўе, кастры інквізіцыі, звярынае езуіцтва — усё гэта меркне перад метадамі і сродкамі гэтых падкалодных змей.

Яны падымалі свае брудныя акрываўленыя рукі на лепшых людзей чалавецтва, на вялікіх Леніна і Сталіна — геніяў і правадыроў працоўных і прыгнечаных усяго свету.

Перад намі ўстаюць першыя дні Кастрычніка — гераічны рабочы Петраград, уся маладая, узброеная Савецкая краіна. Галодная і разбураная сусветнай вайной, яна выйшла на абарону сваёй свяшчэннай свабоды ад нашэсця чатырнаццаці імперыялістычных дзяржаў. Белагвардзейскія полчышчы, нямецкія генералы, японскія самураі, польскія паны, англійскія і французскія інтэрвенты ўзнялі крыжовы паход супроць нашай рэвалюцыі. Але ў няроўным баі рэвалюцыйны народ перамог. Ён перамог таму, што вялікія Ленін і Сталін кіравалі яго мужнай барацьбой, жылі ў сэрцы кожнага байца сацыялістычнай рэвалюцыі. А ў гэты час загаворшчыкі, правакатары і тэрарысты — Троцкі, Бухарын, Рыкаў — разам з гнуснымі падонкамі царскай ахранкі — эсэрамі, меншавікамі і нацыяналістамі — з-за вугла накіроўвалі сваю зброю ў чыстыя і благародныя сэрцы Леніна, Сталіна, Свярдлова.

Вышкаленыя агенты міжнародных ахранак, яны хацелі знішчыць Савецкую ўладу і ўстанавіць уладу буржуазіі.

Бруднай крывёю сваёй заплоціць злачынная зграя за подлую, чорную здраду.

Гестапаўскія махляры, яны імкнуліся распрадаць самае дарагое, што ёсць у савецкага народа,— яго вялікую Радзіму, яго светлае і шчаслівае жыццё.

Яны імкнуліся разарваць сувязі сталінскай дружбы народаў, аддаць пад ярмо фашысцкіх дзяржаў Украіну, Беларусь і другія братнія рэспублікі.

Нашу родную Савецкую Беларусь, якая пышна расквітнела пад сонцам Сталінскай Канстытуцыі, праватрацкісцкія бандыты разам з буржуазнымі нацыяналістамі прагнулі задушыць пад ботам нямецкіх і польскіх фашыстаў. Але свабодны беларускі народ — нашы рабочыя, нашы калгаснікі, наша інтэлігенцыя, якія перажылі шматвяковы гнёт нямецкіх памешчыкаў і польскай шляхты, жудасці нямецкай і польскай акупацыі,— ніколі не дазволіць ступіць подлай назе інтэрвентаў на свяшчэнную і непарушную зямлю.

Бруднай крывёю сваёй заплоціць злачынная зграя за подлую, чорную здраду.

У вяках будуць пракляты імёны забойцаў, на руках якіх гарыць благародная кроў Кірава, Куйбышава, Мянжынскага, Горкага.

Родны Аляксей Максімавіч, горды наш буравеснік!

Яшчэ так нядаўна, чулы, ветлівы і скромны, ты вучыў нас бязмежна любіць Радзіму, яе вялікіх правадыроў, наш народ, яго цудоўную сучаснасць і светлую будучыню. Ты вучыў нас ненавідзець лютых ворагаў народа — фашыстаў, якія знішчаюць найвялікшыя здабыткі сусветнай культуры.

На ўвесь свет гучаў твой мудры голас вешчуна сацыялістычнага гуманізму і бальшавіцкай праўды і знаходзіў жывы водгук у сэрцах усяго прагрэсіўнага чалавецтва.

Не дрогнула рука забойцы, які ля ложка хворага замест лякарства сыпаў у шклянку яд, які адабраў у народа любімага яго сына, геніяльнага рускага пісьменніка, чалавека вялікага, палымнеючага сэрца.

Будзьце пракляты, подлыя забойцы! Неўміручым агнём гараць словы вялікага Горкага: «Калі вораг не здаецца — яго знішчаюць!»

Бруднай крывёю сваёй заплоціць злачынная зграя за подлую, чорную здраду.

Не зацямніць нікому і ніколі сталінскае сонца!

Высока над Радзімай гараць рубінавыя крамлёўскія зоры, іх яркае святло далёка відаць за межамі нашай краіны.

На варце нашага радаснага жыцця мужна і пільна стаіць атуленая ўсенароднай любоўю савецкая разведка на чале з маршалам савецкай разведкі Мікалаем Іванавічам Яжовым.

Слава бясстрашным чэкістам, рыцарам пралетарскага мяча!

Ад усёй душы дзякуй вам, верныя сыны народа — непахісныя і бязлітасныя да ворагаў народа, доблесныя наркамундзельцы, за выкрыццё прэзрэннай праватрацкісцкай банды.

Ад усёй душы дзякуй вам, наш родны і любімы таварыш Сталін, за бацькоўскія клопаты аб беларускім народзе, за шчаслівае жыццё, за ачыстку нашай Савецкай зямлі ад фашысцкай нечысці.

Выкрыццё фашысцкай банды яшчэ і яшчэ раз напамінае нам, што мы знаходзіліся ў капіталістычным акружэнні, адкуль падсылаюцца да нас забойцы, шпіёны і дыверсанты. Мацаваць рэвалюцыйную пільнасць — вось пярвейшы абавязак савецкага грамадзяніна. Мы абяцаем яшчэ вышэй узняць рэвалюцыйную пільнасць, цясней згуртавацца вакол вялікай партыі Леніна — Сталіна, вакол правадыра народа таварыша І. В. Сталіна.

Таварышы члены Ваеннай калегіі Вярхоўнага Суда!

Мы, савецкія пісьменнікі БССР, далучаем свой голас да перапоўненага гневам голасу ўсяго савецкага народа і патрабуем знішчыць гадаў, змесці іх з твару зямлі.

Благародная кроў вялікіх сыноў народа — Горкага, Кірава, Куйбышава і Мянжынскага — кліча да самай бязлітаснай кары.

Патрабуем шалёных фашысцкіх сабак расстраляць — усіх да аднаго!

 

Янка Купала, Якуб Колас, Міхась Лынькоў, Кузьма Чорны, Пятрусь Броўка, Кандрат Крапіва, Іван Шапавалаў, Пятрусь Глебка, М. Клімковіч, А. Александровіч, І. Гурскі, А. Куляшоў, Г. Камянецкі, А. Кучар, Ц. Даўгапольскі, З. Аксельрод, М. Тэйср, Я. Маўр, М. Хведаровіч, Э. Агняцвет, А. Якімовіч, М. Калачынскі, А. Стаховіч і іншыя.

 

 

ВЯЛІКАЯ СТРАТА

Сорак год позіркі ўсіх працоўных і работнікаў мастацтва ўсіх краін былі накіраваны да Мастацкага тэатра, створанага і кіруемага геніяльным майстрам сцэны Канстанцінам Сяргеевічам Станіслаўскім. Яшчэ ярчэй заззяў велізарны талент Канстанціна Сяргеевіча пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая вызваліла мастацтва і стварыла ўсе ўмовы для буйнога росквіту ўсіх духоўных сіл чалавека.

Савецкая грамадскасць заўсёды горача падтрымлівала творчую думку вялікага мастака, заўсёды бурна радавалася яго поспехам. І не хочацца верыць, што гэтага майстра савецкага тэатра — майстра з майстроў — ужо няма сярод нас.

Пісьменнікі Савецкай Беларусі разам з усімі працоўнымі СССР глыбока смуткуюць аб гэтай вялікай страце.

Янка Купала, Якуб Колас, Міхась Лынькоў, З. Бядуля, Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва, З. Аксельрод, М. Клімковіч, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Эд. Самуйлёнак, М. Ільінскі, Г. Камянецкі.

 

ДА ЮБІЛЕЮ ВЯЛІКАГА ПАЭТА-РЭВАЛЮЦЫЯНЕРА

 

У сакавіку 1939 года вялікі ўкраінскі народ разам з усімі братнімі народамі Савецкага Саюза будзе святкаваць 125-гадовы юбілей з дня нараджэння паэта Тараса Рыгоравіча Шаўчэнкі — найвялікшага паэта, рэвалюцыянера-дэмакрата.

Народы СССР, якія выраслі пад кіраўніцтвам бальшавіцкай партыі, дзякуючы ажыццяўленню ленінска-сталінскай нацыянальнай палітыкі, пры штодзённых клопатах свайго бацькі, настаўніка і правадыра — вялікага Сталіна, атрымаўшы шчаслівае, радаснае жыццё, з надзвычайнай увагай вывучаюць творы геніяльных паэтаў усіх народаў, з бязмежнай пашанай шануюць памяць гэтых людзей. У мінулым годзе наша Радзіма святкавала два вялікіх, слаўных юбілеі — юбілей Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна і юбілей Шата Руставелі. Мы знаем, што імя Тараса Рыгоравіча Шаўчэнкі побач з гэтымі выдатнейшымі геніямі чалавецтва. Творы Шаўчэнкі, як і творы Пушкіна і Руставелі, вядомы шырачэйшым масам Савецкага Саюза.

Камуністычная партыя, Савецкая ўлада, вялікі Сталін далі народам заможнае, культурнае жыццё, далі ўсе магчымасці для выяўлення талентаў з народа, для іх жыцця і працы. На кожным кроку мы бачым рост нашых дараванняў, і як далёка процілегла, як чорная ноч, супраць яснага сонечнага дня, стаіць цяжкае жыццё вялікага паэта Тараса Рыгоравіча Шаўчэнкі ў часы самаўладства. Царызм душыў яго ўсё жыццё, і толькі дзякуючы непамернай сіле свайго генія Тарасу Рыгоравічу праз ланцугі царскага самаўладства ўдавалася гаварыць з народам сваім цудоўным, бунтарскім словам.

Нарадзіўся Тарас Рыгоравіч 25 лютага 1814 года ў сяле Морынцы Звенігародскага павета ў сям’і прыгоннага селяніна. У адзінаццацігадовага Шаўчэнкі памірае бацька, і ён астаецца сіратой. Многа пакутаваў Шаўчэнка, каб пражыць,— пас сялянскую жывёлу, працаваў парабкам у пана.

Пятнаццацігадовым Тараса Рыгоравіча Шаўчэнку забіраюць як прыгоннага ў панскі двор да пана Энгельгарта. Там яго вучылі паварчуком, а пасля паставілі прыслугоўваць «казачком» пану. Поўныя гора і адчаю юнацкія гады найвялікшага паэта. Прыезд у Пецярбург, нявольніцкая работа ў мастака Шыраева. Пасля — знаёмства з вялікімі мастакамі: вучоба ў Карла Брулова. Брулоў, зацікавіўшыся таленавітым юнаком, малюе партрэт Жукоўскага, партрэт разыгрываецца за 2500 рублёў праз латарэю. І за гэтыя грошы Тарас Рыгоравіч Шаўчэнка выкупляецца ў пана на волю. Вызвалены Тарас Рыгоравіч зараз жа пяе цудоўную, магутную песню аб сваім народзе. У 1840 годзе невялічкай кніжкай выходзіць «Кабзар» Шаўчэнкі. Яго слова заве народ да барацьбы з самаўладствам. У 1847 годзе царская жандармерыя арыштоўвае яго. Вось паведамленне кіеўскага губернатара Фундуклея:

«III аддзяленне ўласнай яго імператарскай вялікасці канцылярыі.

У ліку асоб, на якіх па атрыманаму мной прадпісанню ад п. кіеўскага ваеннага, падольскага і валынскага генерал-губернатара звернута была ўвага, указан быў мастак С.-Пецярбургскай акадэміі Тарас Рыгоравіч Шаўчэнка.

Мастак гэты пры звароце з Чарнігаўскай губерні быў затрыман учарашняга чысла ля ўезда ў гор. Кіеў і прадстаўлен прама да мяне. Паміж папер яго аказалася рукапісная кніга з маларасійскімі ўласнага яго твора вершамі, з якіх многія абураючага і злачыннага зместу. Чаму, як гэтыя, так і ўсе іншыя, аказаўшыяся ў Шаўчэнкі вершы, роўна прыватную яго перапіску, я палічыў абавязкам прадставіць у ІІІ аддзяленне ўласнай яго імператарскай вялікасці канцылярыі.

Разам з гэтым суправаджаецца і мастак Шаўчэнка пад строгім каравулам пры адным паліцэйскім афіцэры і адным радавым жандары. Грамадзянскі губернатар Фундуклей».

Высачэйшы прысуд адбыўся хутка. Шаўчэнку выслалі ў Орскую крэпасць, у Арэнбург, і залічылі ў салдаты. Мікалай І уласнаручна напісаў на прыгаворы: «Пад стражэйшы нагляд з забаронай пісаць і маляваць».

Але геніяльны паэт і ў такіх умовах пісаў і ганьбіў самадзяржаўе. Рускія рэвалюцыянеры-дэмакраты высока цанілі Шаўчэнку. Чарнышэўскі так пісаў пра Тараса Рыгоравіча:

«Маючы цяпер такога паэта, як Шаўчэнка, маларасійская літаратура не мае патрэбы ні ў чыёй прыхільнасці».

Дабралюбаў таксама пісаў аб вялікім паэце:

«...Ён — паэт зусім народны, такі, якога мы не можам указаць у сябе. Нават Кальцоў не ідзе з ім у параўнанне, таму што складам сваіх мысляў і нават сваімі імкненнямі часам аддаляецца ад народа. У Шаўчэнкі, насупроць, увесь круг яго дум і спачуванняў знаходзіцца ў поўнай адпаведнасці з сэнсам і са строем народнага жыцця. Ён выйшаў з народа, жыў з народам і не толькі мысліў, але і акалічнасцямі жыцця быў з ім моцна і кроўна звязан».

Шаўчэнка — нястомны барацьбіт супроць прыгонніцтва. Яго геніяльнае слова спявалася шырокімі масамі. Дарма буржуазныя нацыяналісты хацелі па-свойму тлумачыць паэзію Шаўчэнкі. Паэзія Шаўчэнкі — паэзія рэвалюцыянера-дэмакрата, паэзія ўкраінскага народа. Нягледзячы на забарону яго твораў царскай цэнзурай, творы яго шырока разыходзіліся ў народзе. Яны вусна перадаваліся ад аднаго к другому. Многія песні Шаўчэнкі спяваліся ў нас у Беларусі.

Але ніколі творчасць Шаўчэнкі не магла мець такога шырокага распаўсюджвання, як пры Савецкай уладзе. Мільённыя тыражы на дзесятках моў разыходзяцца вельмі хутка. Юбілей Шаўчэнкі — свята ўсяго савецкага многамільённага народа. На Савецкай Украіне створана ўрадавая камісія па святкаванню юбілею Шаўчэнкі. Створана камісія і пры Саюзе савецкіх пісьменнікаў СССР. Працоўныя Савецкай Беларусі з вялікай урачыстасцю будуць святкаваць гэты слаўны юбілей. Мы павінны зараз жа пачаць падрыхтоўку да юбілею. Паэты Савецкай Беларусі канчаюць пераклад усёй паэзіі Шаўчэнкі на беларускую мову. Трэба, каб Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі добра падрыхтавалася да выдання твораў Шаўчэнкі. Саюз мастакоў павінен лічыць за гонар мастацкае афармленне твораў Шаўчэнкі, і за гэту работу трэба брацца зараз. Неабходна і выданне выбраных твораў у школьнай серыі. Крытычнай секцыі Саюза пісьменнікаў трэба выдаць зборнік артыкулаў, прысвечаных Шаўчэнку, у якім распрацаваць такія тэмы, як скажам: «Шаўчэнка і беларуская паэзія» і інш. Інстытут літаратуры Акадэміі навук і Саюз савецкіх пісьменнікаў павінны неадкладна падрыхтаваць дакладчыкаў і загадзя арганізаваць іх выступленне на прадпрыемствах, у калгасах і г. д.

Дзяржаўнаму хору трэба развучыць песні Шаўчэнкі. Трэба пачаць таксама асвятленне падрыхтоўкі да юбілею ў нашым друку.

Янка Купала, Якуб Колас, Пятрусь Броўка.

 

 

1939

 

МАСКВА, САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ — АСЕЕВУ

Дарагі Мікалай Мікалаевіч!

Пісьменнікі БССР горача вітаюць Вас, буйнага і патрабавальнага майстра савецкай паэзіі ў дзень 25-годдзя Вашай літаратурнай дзейнасці. Актыўнае ўздзеянне Вашых вершаў, іх народная песеннасць і лірычнасць, высокая страсць служэння мастацтву ў яго новым, савецкім разуменні — вось тыя неад’емныя якасці Вашага буйнага таленту, якія заслужылі Вам вялікую вядомасць сярод масавага чытача нашай краіны.

Жадаем Вам, дарагі таварыш Асееў, доўгіх год плённай і паспяховай работы на карысць нашага народа і нашай шчаслівай сацыялістычнай радзімы.

Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Пятро Глебка, М. Лынькоў, Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў, М. Клімковіч, К. Крапіва, Я. Маўр, А. Кучар, З. Аксельрод, Г. Бярозкін, Г. Камянецкі, Э. Агняцвет, П. Панчанка, М. Грубіян, І. Гурскі, Х. Шынклер, М. Ільінскі, К. Цітоў, А. Шарапаў, І. Шапавалаў, В. Глазырын.

 

 

ПІСЬМЕННІКАМ ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ

Дарагія таварышы!

Дваццаць гадоў разлучала нас граніца. У той час калі мы, паэты і пісьменнікі свабоднай краіны БССР, ішлі рука ў руку са сваім народам, як песняры яго новага, свабоднага жыцця, яго светлай, радаснай долі, як удзельнікі будаўніцтва новай, сацыялістычнай грамады, народа, упершыню за ўсю гісторыю здабыўшага сваю дзяржаўнасць і назаўсёды выгнаўшага з сваёй зямлі дармаедаў — паноў і іншых захрыбетнікаў, — вы, паэты Заходняй Беларусі, гібелі пад панскім гнётам. У болях і пакутах раджаліся вашы песні. Вы складалі іх у мурах панскіх астрогаў і на этапах з адной турмы ў другую. Нярадасныя былі вашы песні, як нярадасная і беспрасветная была доля беларускага народа пад апекаю паноў, пад нечуваным нацыянальным і сацыяльным бяспраўем. Вашы песні і думы, напісаныя ў цемры гнёту горыччу пакуты, не даходзілі да народа, бо дарогі ім наглуха замыкала рука панскай дэфензівы.

Цяпер граніц між намі няма. Непераможная сіла народаў Вялікай Савецкай зямлі, Рабоча-Сялянская Чырвоная Армія змяла назаўсёды разлучаўшую нас граніцу і назаўсёды паклала канец здзеку і панаванню збанкрутаваных паноў. Сягоння мы — адна сям’я свабодных народаў усёй Беларускай краіны.

У гэтыя вялікія гістарычныя дні, калі вызваленыя з-пад панскага ярма народы Заходняй Беларусі рыхтуюцца да Усенароднага сходу, каб вызначыць свой дзяржаўны лад і выбраць сваю сапраўды народную ўладу, мы звяртаемся да вас, браты-пісьменнікі і паэты Заходняй Беларусі, з гарачым братнім заклікам шчыльней зліцца з народам, чэсна і стойка змагацца за яго шчасце. Мы заклікаем вас у нашу вольную сям’ю песняроў і пісьменнікаў. Мы шчыра падаём вам руку братняй дапамогі. Адгукніцеся ж на наш голас!

Янка Купала, Якуб Колас.

 

 

1940

 

<У МУЗЕІ АДАМА МІЦКЕВІЧА>

Прыемнае ўражанне зрабіла на нас усё, што мы бачылі ў музеі вялікага польскага паэта Адама Міцкевіча, слаўнага сына зямлі навагрудскай. Што зроблена — добра. Але багата і багата яшчэ трэба зрабіць, каб дастойна ўшанаваць памяць вялікага паэта, зрабіць гэта месца цэнтрам навуковага вывучэння і даследавання ўсіх крыніц і вытокаў паэзіі слаўнага і вялікага сына польскага народа. Шчыра ўпэўнены ў тым, што толькі цяпер, на вольнай навагрудскай зямлі, справа музея набудзе сапраўдны размах, і кожны чытач Міцкевіча — паляк, беларус, рускі, яўрэй — будуць мець магчымасць у самым недалёкім будучым пазнаёміцца ў музеі з багатымі і разнастайнымі матэрыяламі аб жыцці і творчай дзейнасці любімага паэта.

Я. Купала, М. Лынькоў.

 

1941

 

МІНСК. РЭДАКЦЫІ «ЗВЯЗДА»

Пастанова саюзнага ўрада і ЦК партыі бальшавікоў аб асушэнні балот у БССР нас глыбока ўзрадавала, усхвалявала. Гэта найвялікшы акт увагі Савецкага ўрада, таварыша Сталіна да інтарэсаў беларускага народа.

Гэта пастанова карэнным чынам змяняе твар нашай зямлі. Краіна, якая ўтапала пры царызме ў балотах, галечы, невуцтве, славілася малярыяй, каўтуном, ператвараецца воляй бальшавікоў у найбагацейшы, квітнеючы край, дзе зашуміць буйным калоссем мора жыта, пшаніцы, дзе беласнежным цветам заззяюць маладыя паўнакроўныя сады. Гэта сапраўды сталінскія клопаты аб дабрабыце народа.

Мы ўпэўнены, што гэты акт запаліць агонь энтузіязму ў сэрцы народа, узніме яго творчыя сілы для ажыццяўлення грандыёзнага плана. З пачуццём глыбокай удзячнасці вітаем таварыша Панамарэнку, правільна ацаніўшага перспектывы развіцця нашай рэспублікі, многа папрацаваўшага ў гэтай справе.

Няхай няспынна б’ецца жывое творчае сэрца, несакрушальная энергія вялікага друга беларускага народа, тварца яго дзяржаўнасці, тварца шчасця народаў — таварыша Сталіна.

Янка Купала, Якуб Колас.

 

 

<ЗВАРОТ НАРОДНЫХ ПАЭТАЎ БЕЛАРУСКАЙ ССР ЯНКІ КУПАЛЫ І ЯКУБА КОЛАСА ДА БЕЛАРУСКАГА НАРОДА>

Да цябе, наш родны беларускі народ, зварочваемся мы, твае сыны, з гэтымі словамі.

Цяжкая была наша доля ў мінулым. Многа гора, бед і няшчасця зазнала наша зямля. Багата паліта яна слязамі нашых мацярэй і сёстраў і кроўю нашых братоў. Тапталі яе гоні шведы і французы, расцягвалі тваё дабро і набытак, што так дбала здабываў ты сваёй працавітай рукой, нямецкія драпежнікі і гвалтоўнікі. Мы памятаем часы імперыялістычнай вайны, калі жывое цела нашай краіны рэзалі і грабілі полчышчы крывавага кайзера. Грымелі гарматы і бушавалі пажары ад Буга да Бярозы-ракі. Сотні тысяч мірнага люду ратаваліся ў лясах і пакідалі свае паселішчы. Тысячы безыменных магіл прытулілі ў сваіх халодных нетрах тваіх дзяцей. Пусцела наша зямля, зарастала дзірванамі. Жудасна вылі беспрытульныя сабакі, страціўшы сваіх гаспадароў. Ды не схіляў пакорна галавы наш народ. Храбра, самааддана бараніў ён свой народны скарб, сваю волю, сваю культуру і ніколі не траціў веры ў лепшую будучыню. А гэтая вера спраўдзілася. Разняволеная сіла народаў Расіі прыйшла нам на дапамогу, вымела чужаземную нечысць з нашай зямлі, і мы пачалі жыць новым жыццём, як незалежныя гаспадары на сваёй зямлі, залечвалі яе раны, збудаваўшы свой дзяржаўны лад. Радасным, утульным садам зацвіла наша зямля.

І вось зноў цяжкае выпрабаванне пала на тваю долю, наш родны народ. Вераломны вораг, сусветны бандыт і разбойнік, рушыў свае дзікія орды, закаваныя ў жалеза і браню, і запаланіў нашы землі. Зноў запалалі ў агні нашы мірныя гарады і сёлы. Як прагная саранча, пажырае твой набытак, грабіць тваё дабро нямецкая галодная ненаедная зграя.

Ні жалю, ні літасці не ведае сэрца грабежніка-людаеда — Гітлера. З тупою і халоднаю развагаю ўгалоўнага праступніка расстрэльвае ён тваіх малалетніх дзяцей, жанчын і мірных сыноў. Няхай жа не дрогне тваё сэрца ў гэты грозны час. На змаганне з гэтым ворагам, на апошняе змаганне! Яшчэ не ўсе балоты асушаны. Вораг не даў нам асушыць іх. І няхай жа гэтыя балоты стануць яго магілаю. Тапіце яго без жалю. Бейце яго ж уласнай зброяй.

Усе сілы, усе мыслі, усе парывы твае душы няхай абрушацца на яго галаву смертаносным молатам. Знішчайце гітлераўскую агентуру. Разбурайце дарогі, дзе толькі ступіць капыт грабежніка, разбурайце сувязь. Бейце разбойнікаў, дзе толькі можна біць, ганіце прэч з нашай зямлі. Памятайце цвёрда: Гітлер — гэта ашуканец, бандыт, злодзей, звер, утраціўшы аблічча чалавека, спараджэнне прускай фашысцкай цемры, вораг прагрэсу і ўсяго святога, чым жыве чалавек. Ён хоча парабіць нас сваімі нявольнікамі і слугамі. Няхай жа захлынецца ён у пралітай ім крыві. Мы не адны, за намі ўвесь савецкі народ, за намі ўсё чалавецтва.

На змаганне, на перамогу, наш родны беларускі народ!

Янка Купала, Якуб Колас.

 

 

Dubia

 

1914

 

НАШЫ ПІСЬМЕННІКІ

 

І ГРАМАДСКІЯ ДЗЕЯЧЫ НА ВАЙНЕ

Наляцеўшая, быццам навальніца, вайна адарвала ад родных хат і ніў багата народу. Пайшлі ваяваць усе, каму доля гэта судзіла.

Багата на вайне і нашых беларусаў. Усіх не пералічыш. Ведаем адно тых, каго паклікалі спакойную грамадскую службу замяніць на ваенную.

Пайшоў шчыры народны паэт Якуб Колас, выдатная сіла між нашымі песнярамі. Далей — малады і здольны пісьменнік — Максім Гарэцкі; публіцыст Лявон Гмырак, добра вядомы нашым чытачам; А. Гурло — паэт; А. Аўрэйцэвіч — фельетаніст «Нашай нівы», ды Ф. Умястоўскі, вядомы як «Дзядзька Пранук». А поруч з імі б. прадседацель віленскага беларускага музыкальна-драматычнага кружка, кандыдат у выбаршчыкі ад Вільні ў Чацвёртую Гасударственную Думу Барыс Даніловіч; памоцнік прысяжнага адваката Гаўрыла Царык; студэнт медыцынскага факультэта Сцяпан Луцкевіч; артыст беларускага тэатра Кіткевіч; земянін барысаўскага павета Ал. Цюндзявіцкі; Ал. Пошавіцкі — ды многа іншых, аб каторых не маем акуратных вестак.

Усім ім пасылаем на поле бітвы шчырае жаданне, каб цэлымі і здаровымі вярнуліся з вайны ў родну старонку, каторай гэтак патрэбны працоўныя рукі на ніве грамадзянскай работы. Рэдакцыі ўдалося дастаць толькі некаторых з іх фатаграфіі, якія тутака і памяшчаем:

Якуб Колас, паэт-лірык, родам з Міншчыны, народны вучыцель.

М. Гарэцкі, пісьменнік-містык, родам з Магілёўшчыны, каморнік (землямер).

Л. Гмырак, крытык-публіцыст, родам з Віленшчыны, тэхнік.

С. Луцкевіч, грамадскі працаўнік, родам з Мінска, доктар.

 

 

1920

 

ЛЁС БЕЛАРУСІ

Перагаворы паміж Польшчай і Сав<ецкай> Расіяй, нягледзячы на зацяжкі, якія цяпер выйшлі ў гэтай справе, пачнуцца, пэўна, у хуткім часе. Аснаўным пунктам у перагаворах будзе вырашэнне лёсу Беларусі.

Польскія правыя групы — эндэкі — стаяць катэгарычна за падзел Беларусі паміж Польшчай і Расіяй з тым, каб расійска-польская граніца была ўздоўж Дзвіны і Бярэзіны. Пры гэткай дзяльбе землі, якія ляжаць к захаду ад гэтай лініі, павінны адысці да Польшчы, як чыста польская правінцыя.

Іншага погляду трымаюцца польскія ўмеркаваныя, радыкальныя і сацыялістычныя кругі. Польскі ўрад, які апіраецца на гэтыя кругі, што складаюць парламенцкую большасць у Сойме, глядзіць таксама з гэтага пункту. Ён лічыць, што Расія павінна адмовіцца ад якіх бы ні было правоў на тыя тэрыторыі, якія ляжаць к захаду ад быўшай паміж Польшчай і Расіяй граніцы 1772 г. Польшча ў згодзе з воляй народаў, якія насяляюць гэтыя тэрыторыі, вырашыць лёс гэтых зямель. Гэта праграма федэралістаў. Яна прапануе стварыць з літоўска-беларускіх і ўкраінскіх зямель дзве буферныя дзяржавы, звязаныя з Польшчай на прынцыпах федэрацыі. Але невядома, як польскі ўрад думае стварыць гэтыя дзяржавы, якія чынныя сілы гэтых тэрыторыяў выклікаць да жыцця, якія будуць узаемныя адносіны паміж гэтымі дзяржавамі і Польшчай — палітычныя, вайсковыя, эканамічныя і г. д., дзе, урэшце, будзе ляжаць этнаграфічная мяжа Польшчы на ўсходзе.

У адносінах да Украіны польскі ўрад вядзе болей ясную палітыку. Ён дагаварыўся з украінскім урадам, дзе Пятлюра стаіць на чале, і памагае яму фармаваць армію, вызначаючы дзеля гэтай мэты Бярэсце. У адносінах да Беларусі палітыка польскага ўрада абсалютна цёмная. Да гэтага часу польскі ўрад не даў ніякіх тлумачэнняў аб сваіх адносінах да Беларусі. На міравую канферэнцыю прадстаўнікі беларускага народа не будуць дапушчаны, і лёс краю і народа будзе вырашацца без яго ўдзелу.

Аднак жа цяпер трудна сказаць, якія формы прымець гэтае пытанне ў самым хуткім часе. Справа ў тым, што паміж Польшчай і Расіяй не дайшлі да згоды аб месце перагавораў. У звязку з гэтым магчыма, што ў разборы ўсходняга пытання прымуць учасце дзяржавы Антанты, якія да гэтага часу давалі Польшчы «вольную руку» ў гэтай справе. Дзяржавы Антанты розна глядзяць на палітычную адбудову Польшчы. Адны, галоўным чынам Францыя, дамагаюцца стварэння вялікай адзінай Польшчы, у адпор Нямеччыне. Другія, як Англія і Амерыка, з’яўляюцца гарачымі праціўнікамі вялікай Польшчы, дапускаючы Польшчу толькі ў яе этнаграфічных граніцах. Цяпер адбываецца канферэнцыя Антанты. Калі на канферэнцыі перамогуць тыя, хто адносіцца да Польшчы апазіцыйна, дык тады Польшча будзе старацца ўтварыць паміж ёю і Расіяй дзве незалежныя саюзныя з ёю дзяржавы — Украіну і Беларусь. Тады лёс Беларусі стане больш-менш ясным. Апрача таго, Польшча можа, як у Галіччыне, адтрымаць мандат на ўпраўленне.




Беларуская Палічка: http://knihi.com