epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Каму вас, песні?..

Каму вас, песні, я нясмелы

Тут буду пець, снаваць з душы,

З душы няшчаснай, набалелай,

Аж, змучан, згіну дзе ў глушы?

 

Ці для тых цёмных, нешчаслівых,

Што не патрапяць прачытаць,

Ці для тых светлых, а зласлівых,

Што не захочуць вас і знаць?

 

О! веру, веру, што загнаны

Мяне не здрадзіць мой народ,

Але ён цёмны й акаваны,

І бедны думак яго ўзлёт.

 

І вы, душы маёй тварэнні,

Ў нязнанні будзеце марнець;

Таптаць вас будуць без сумлення,

Пацук рукопісі патнець.

 

Аж нейкі ўчоны моль з прыпадку

Натрапіць, з пылу абтрасе,

Пачне чытаць вас ад пачатку

З-пад акуляраў на насе.

 

Прагледзе й скажа: «Матар’ялу,

Каб прасачыці быт людзей

На Беларусі, тут нямала;

Жаль толькі, што няма усей,

 

Усей рукопісі панурай.

Хвалько паэта, знаць, не раз

Цаніць даваў яе для шчураў;

А шчуры — спраўджана і ў нас —

 

Істоты подлыя, нізкія,—

Пяўцоў ім думкі не ў карысць;

Ім праў навукі хоць якія,

Дабро чужое рады грызць.

 

Ды ўсё ж рукопісі я гэтай

Так не астаўлю і вазьму,—

Аб ёй і кім быў той паэта,

Складу артыкул па-свайму.

 

Часць вершаў ў друку апыніцца,

Не знішчаць мышы іх зусім;

Пясняр «з народа» ўзвесяліцца,

Што ё ў газетах і аб ім»...

 

Так будзе думаць моль вучоны

І рэшты аркушаў шукаць.

Спалі вас, песні, дым чырвоны,

Чым мае гэткі лёс спаткаць!

 

[1905-1907]


[1905-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан