epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Кандыдатам народа

Не аб сонцы, што нам свеціць

І зімой, і летам,

Не аб зорках, што міргаюць

Ночкамі над светам;

 

Не аб сяміцвет-вясёлках

Фарбаў негаданых,

Што красу ў сябе ўбіраюць

З мора-акіянаў;

 

Не аб снах, у якіх сніцца

Доля, шчасце людзям,

Не аб казках, дзе цудоўна

Цуд ідзе па цудзе,—

 

Мая песня сёння будзе

Радасцямі ройнай —

Аб любімых кандыдатах

У Савет Вярхоўны.

 

Хто з нас думаў, спадзяваўся,

Мой ты, родны браце,

Што такіх мы кандыдатаў

Будзем выбіраці.

 

Сталін, Молатаў любімы,

Слаўны Варашылаў,

Што зладзюгаў, інтэрвентаў

Загнаў у магілу!

 

Во каго мы ў дэпутаты

Па новым законе

У парламент беларускі

Выберам сягоння!

 

*

Сталін — друг наш, друг народаў,

Друг людзей, свабоды,

Колькі радасці прыносіць,

Шчасця ў нашы годы!

 

Яго мудрыя законы

Сонцам ясна ўзыдуць

Для вякоў, для пакаленняў,

Што ідуць, што прыйдуць.

 

Канстытуцыі векпомнай

Слова залатое

Напісаў нам добрым сэрцам,

Дбалаю рукою.

 

Звіні звонка, мая песня,

Ляці вышай, далей!

Беларускую дзяржаву

Збудаваў нам Сталін!

 

*

Нашым Молатаў славуты

Дэпутатам будзе,

Бо дзе лепшага мы знойдзем,—

Падумайце, людзі!

 

Ён дзяржаваю кіруе,

Ў крыўду не падасца,

Люд рабочы яго любіць,

Ворагі баяцца.

 

Чалавек ён гаспадарны,

Скажам смела ў вочы,

Аб рэспубліках савецкіх

Дбае днём і ночай.

 

Дзень і ноч працуюць дружна

Фабрыкі, заводы,

Землі родзяць ураджайна,

Буйней з кожным годам.

 

*

Варашылаў калісь войска

Вадзіў у паходы,

Інтэрвентам, акупантам

Не даваў праходу.

 

Біў, як мух, белагвардзейцаў,

Не даў ходу зброду,

І савецкую краіну

Вывеў на свабоду.

 

Яго ўжо мы выбіралі

Мінулага году,

А дні выбараў былі нам

Светлай асалодай.

 

А йшчэ скажам: як што прыйдзе,

Як нам зробяць шкоду,—

Стар і мал — усе з ім разам

Пойдзем у паходы.

 

*

Людзі ходзяць урачыста

У святочных строях,—

А з павагай, з санавітай,

Ходзяць як героі.

 

Людзі ходзяць, весяляцца,

Ў думках іхніх свята,

А на вуснах іх імёны

Слаўных кандыдатаў.

 

1938


1938

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан