epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Каршун

Пад небам высокім лётаў каршун,

З пагардай на рой пазіраў чалавечы,—

Аж бачыць — пад плотам ходзіць пявун —

Махнатая шыя, злацістыя плечы.

 

Як віхар, як куля, імчыцца каршун

І певеня тут жа насмерць забівае,—

У бойцы няроўнай гіне пявун,

У бойцы няроўнай жыццём накладае.

 

З трыумфам каршун пад неба ляціць,

Пад небам крумчыць над здабычай сваею,

Ды зноў, каб дзе пажывіцца, глядзіць,—

Забіць яшчэ й курку — не траціць надзею.

 

Але скуль тут ні вазьміся стралец.—

Прыцэліўся. Раптам, як гром, стрэл раздаўся,

Ўзмахнуўшы ў паветры крыллем ледзь-ледзь,

Зляцеў каршун з неба і болей не ўзняўся...

 

12 сакавіка 1906


12.03.1906

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан