epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Касьба

Бяжыць час дзень за днём,— скуль вазьміся Пятрок

Наляцеў і пагнаў к касьбе жыва людзей;

Пайшлі ў ход малаток, і каса, і брусок,—

Стукі-бразь, маху-шась, а дружней, а бардзей!

 

Свішчуць косы ў траве, проста дзіва, гульба;

Размахаліся рукі, ўзыгралася кроў,

Сонца паліць агнём, пот ліецца з ілба —

Абмахнуў рукавом ды і далей пайшоў.

 

І пракос у пракос вырастае, як стой,—

Пан з карэтай бы пэўна праехаў між іх.

Эх, аддаўся рабоце люд бедны з душой!

Калі есць — як Бог даў, як рабіць — за траіх.

 

Махай дружна касой, пакуль згіне раса —

Куй жалеза, пакуль не астыне яно!

Рэж аселіцу, брат, калі зрэзаў гумно,

А там далей — на лог няхай мчыцца каса.

 

Люба выйсці, прайсці па лагу, па гумне:

Гоман нейкі стаіць, сенам пахне укруг;

Ляжыць трупам трава, як народ на вайне,

А ў траве конік шастае, радуе слух.

 

Вось падвяла крыху. Жыва, бабы, на лог!

Трэба скошанае разбіваць, аграбаць.

Сюды-туды!., глядзі, ўжо пракосы ў валох;

Глядзь... і копамі ўбралі усю сенажаць.

 

А тым часам із неба пасыпаўся страх:

Дожджык пырскаць начаў, гром азваўся глухі.

Шчыра цешацца людзі, што сена ў капах,

Бо ў пракосах счарнела б, ды й спор не такі.

 

Сена кожны шануе, бо ведама ўсім,

Калі хлеба няхват, то знасіць ўсё ж лягчэй,

Чымся б корму не стала прадвеснем зімным

Для скацінкі; тады... хоць душой загавей.

 

. . . . . . . .

 

Дружна йдзі, бедны люд, калі сонца к касьбе

Кліча з неба ды голадам мучышся ты;

Рэж траву, дабывай долю сілай сабе,

З часам выйдзеш і ты з беднаты, з цемнаты.

 

Дружна йдзі, бедны люд, і з зары да зары

Працуй, біся, не гніся пад лямкай цяжкой,

І за праўду сваю, дачакаўшы пары,

З касой вострай сваёй дружна, смела пастой!

 

[1905-1907]


[1905-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан