epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Касцам

Дзе вы, брацці-ўдальцы, дзе вы, хлопцы-касцы?

Гэй, дакуль на вас трэба чакаць?

Час вам косы кляпаць, час вам на сенажаць,

Час вам сілу сваю паказаць!

 

Пакуль згіне раса, хай засвішча каса,

Няхай вале ў пракосы траву;

Няхай прыйдзе канец на сівец, на званец,—

Хай пазнаюць усе грамаду!

 

Сонца паліць агнём, пот ліецца цурком...

Гэй, прывыклі да гэтага вы!

Як вы толькі ўзраслі, к працы цяжкай ішлі,

І ніхто не жалеў вас ані!

 

Пот ліецца цурком,— абмахні рукавом

Дый касой замахай весялей,

І з упаўшай грудзі песню слёз завядзі,

Песню родную долі сваей!

 

Песню пей і касі, пакуль ясныя дні,

Пакуль хмараў на небе няма;

Зямля, плуг і каса — гэта наша краса,

Гэта наша пацеха адна!..

[1908]


[1908]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан