epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Касцу

Стукі, стук, стук, малаток!

Кляпі коску, мужычок,

Кляпі востранька сваю,

А я песеньку спяю.

Гоп, гоп, гоп!

Я табе спяю.

 

Быў даўней народ хітрэй,

Не знаў стрэльбаў, дык аей!

Коскі шаблямі былі,

Ваяваць з імі ішлі.

Гоп, гоп, гоп!

Ваяваць ішлі.

 

Касу ў шыйцы адагне,

І насадзіць, і махне;

Смерць таму, хто не сышоў:

Касой рэзалі ўрагоў.

Гоп, гоп, гоп!

Рэзалі ўрагоў.

 

І гарматаў быў не страх,

Грамада вялікі гмах:

Адзін ляжа, сто ідзе,

А хто ж роўны грамадзе?!

Гоп, гоп, гоп!

Роўны грамадзе?!

 

Дык і ты касу вастры,

І так хутка — раз, два, тры!

Ідзі з ёю на вайну,

А я йначай пець пачну.

Гоп, гоп, гоп!

Пець інакш пачну.

 

На вайну з травой ідзі,

Касі гладзенька, глядзі!

Перуны, грымоты б’юць,—

Ты касі, адважным будзь.

Гоп, гоп, гоп!

Ты адважным будзь.

 

Пяюць птушкі пад акном,

Лепшай долі даўно жджом...

Ну, досць коску ўжо кляпаць,

Час з калодкі уставаць.

Гоп, гоп, гоп!

Час ужо ўставаць!

 

[1907]


[1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан