Даўно ўжо, даўно з тэй пары адбылой
Сталеццяў мінула нямала,—
Між небам блакітным і чорнай зямлёй
Святляная думка лунала.
Яна аглядала бязмежны прастор,
І пасынкаў бачыла долі,
Што рукі з зямлі працягалі да зор
І ў цемры каналі паволі.
Быў жыць адзінока надзел бедакоў,
Нішто іх з сабой не лучыла —
Ні крыллі свабоды, ні скруты акоў...
Адна толькі маці-магіла.
Не ўмелі змагаць грамадою нягод
І Бога хваліць грамадою;
Па шчасці нязведаным грэшны народ,
Як каня, ўздыхаў, за вадою.
І шкода зрабілася думцы людзей,
Што чахлі, як чэрві у плесні,—
І з высі зышла к ім, як дух-яснавей,
І вольнай змянілася песняй.
У тысячы светачаў, сонц залатых
Яна разлілася між імі,
Развеяла цемры, ўзлячыла сляпых,
Сваё, іх праславіла імя.
Пры песельным звоне народ акрылеў,
Зарухаўся шчасцем, свабодай,
У бітвах верх браў і свой боль адалеў,
Не страх быў змагацца з прыродай.
І многа лет цешыўся, ў радасці цвіў
І ў долі, і ў волі без меры,
Аж покуль ён песні сваёй не ўгнявіў
І светлай не здрадзіў ёй веры.
За ласыя словы, за золата звон
Чужацкай шукаць стаў апекі;
Чужынцы запрэглі народ у прыгон,
А песню аддалі на здзекі.
Як славай праз песню палаць стаў, так згас,
Хілеці ізноў стаў памалу;
Папробуе песню — йшчэ звоніць падчас,
Толькі не так, як бывала.
Гібелі зноў людзі у спеку, ў мароз
І долі і волі збыліся,
І страшная кара пасцігла іх лёс:
Народ сваёй песні забыўся.
Мінае сталецце, другое ідзе,
Не песняй, а путамі звоне,
І вечную гібель народу вядзе,
Народ жа ўсё стогне і стогне.
З лет бегам патомкі, пасля доўгіх бед,
Аднекуль зноў песню дасталі,—
І думалі з ёй, як калісь, дзівіць свет,
Палаць зноў у даўнешняй хвале.
А толькі іх душ ажывіць не магла
І к шчасцю масціці гасцінец...
Бо думка, бо песня... чужая была...
З ярмом даў і песню чужынец!
[1913]