epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Крым

1
2
3


1

О Крым, нязведаная казка

Жыцця мінулага вякоў,

Адным якія былі ласкай,

Для іншых — скрыгатам акоў!

 

У шумным пробегу сталеццяў

Нішто цябе, Крым, не згняло,—

Таксама цягнуць рыбу сеці,

Таксама птушка мкне ў сіло.

 

Адвечным ладам шуміць мора,

А з ім — магнолія, платан...

Аб чым яны з сабой гавораць,—

Спытайся ночку ды туман!

 

 

2

На узбярэжжы крымскіх вод

У неба сінь глядзіць Ай-Петры,—

Над ёй аблокаў карагод,

Пад ёй прапасцістыя нетры.

 

Глядзіць Ай-Петры ў дол з вышын

На белы хаты, на палацы,

На стужкі каменных пуцін —

Плады нявольніцкае працы.

 

А я — з далёкіх ніў пясняр —

Па Гаспры з кута ў кут снуюся.

Гняце мне думкі Крыма чар,

Маркотна мне без Беларусі.

 

 

3

Гаспра, мілы мой прыпынак!

Я ўжо скончыў свой спачынак

І цябе я пакідаю,

Да свайго імкнуся краю.

 

Будзь прыветна, будзь здарова,

Як татарка чарнаброва!

Жыві доўга, як Ай-Петры,

Хоць і веюць буйны ветры!

 

Вам, магноліі, платаны,

Кіпарысы і каштаны,

Шлю я шчыра на прашчанне

Ад бярозак прывітанне!

1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан