epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Крыўда

З’ядае крыўда нас ад векаў,

Няма ні праўды, ні парадку,

Стаў чалавек звер чалавеку,

Труюць адзін аднога звадкай.

 

Развёўся злосці змей паганы,

На брата брата падбівае;

Расой чырвонаю паляны

Блішчаць, як тая кроў жывая.

 

Снуюцца людзі, як жывёла,

У ёрмы шыі нагібаюць,

А цьма — і тут, і там, наўкола,

Астатні дух трутні выймаюць.

 

Не ўскалыхне жыцця віхура,

Не завагніць святла над цьмою,

Усё маўчыць, як ноч, панура,

Як пушча дзікая зімою.

 

Ані канца таму пракляццю,

Ані яснотаў тых пачатку...

Калі ж ты, Бацькаўшчына-маці,

Устанеш к новаму парадку?!.

1914




Беларуская Палічка: http://knihi.com