epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Крыжы

Чуць мы Божы свет убачым

І да самай да магілы

Ўсё, як ёсць, крыжамі значым,

Ці то міла, ці не міла.

 

Як у хаце нарадзіўся,

«Бабка» крыжам прывітала;

Як у цэркве ахрысціўся,

Крыж «кума» падаравала.

 

Як пайшлі дні маладыя,

Зноў без крыжа ані трошкі:

Дзе ні ступіш, крыжавыя

І гасцінцы, і дарожкі.

 

Крыж баліць табе, бяднязе,

Ад той цяжкай ад той працы,

Накрыж латы у сярмязе,

Накрыж дзюркі ў тваёй хатцы.

 

Пальцы накрыж ты складаеш

Ад напраснай ад напасці;

Крыжам злыдняў адганяеш,

Каб ад крыўдаў не прапасці.

 

Доляй мучаны паганай,

След слязой пачнеш крывавіць;

Крыжам ляжаш распластаны,

На сваім абы паставіць.

 

Крыжам ляжаш за парогам

У той цэркве, дзе хрысціўся,

Крыжам ляжаш перад Богам,

Каб цябе Ён не забыўся.

 

Так жыцця крыж мусіш несці,

Як дзяды твае насілі,

А як данясеш да смерці,—

Крыж паставяць на магіле.

 

1908


1908

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан