epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Куды ты рвешся!..

Куды ты рвешся ў знемажэнні,

Дзіцё нядолі, цемнаты!

Цярпі, няшчаснае стварэнне,—

Цярпець бо толькі ўмееш ты!

 

Забудзься бацькаўскіх наказаў,

Што шчасце будзеш колісь мець,

Як ты радзіўся, ты адразу

Асуджан доляй век марнець.

 

Цягай ты зрэбную кашулю,

Цягай ты лапаці з лазы;

Зімы не слухай грозных гуляў,

Ад летняй спекі не бяжы!

 

Працуй ярэмнаю скацінай

На сытых ворагаў тваіх;

Хай сохнуць грудзі, чахне спіна,

Забудзься думак удалых!

 

Ідзі схварэлы на работу,

Гаруй, бядуй, як год вялік;

Маўчы, хоць слепнуць вочы з поту,—

Замрэ твой, як у пушчы, крык.

 

Гавораць — ноч, хоць дзень на свеце,

І ты з усімі так крычы:

Крычаць: галей! Ідзі галеці,

Крычаць: маўчы! І ты маўчы.

 

Ідзі, куды нядоля гоне,

Рабі, што скажа ўсё яна;

Будзь рад, калі пад’еў сягоння;

Мучэння чарку пі да дна.

 

Павер папам, што там па смерці,

За мукі рай мецьмеш свае,

Бо пекла лепшага і чэрці,

Як тут, не вынайдуць нідзе!

 

1907


1907

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан