Я хрысціянін, не паганін,
Стварыў обчэство «Крэсцьянін».
Сам Дубровінка-нябожа
Пахваліцца гэткім можа.
Дарма «Ісценен» «Крэсцьянін»,
Штось чураюцца хрысцяне.
Часта, густа з’езд склікаю,
Дый нішто не памагае.
Вось газетку надрукую,
Чорна-чорную такую,
Жыдоў біці і палякаў
І з крамолай біцца ўсякай.
Думаў, вёску з хамскім людам
На такую злаўлю вуду,
Дый газетка чуць жывая,
Толькі сам яе чытаю.
Гэй, Дубровін чарнасоцкі,
Пурышкевіч, Замыслоўскі,
Дайце раду, што чыніці,
Як крамолу скараніці.
А то мне халэмус прыйдзе,
Ці павешуся на жыдзе,
Ці палякам удаўлюся,
Ці уп’юся, павалюся.
1909