epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Лапці

Не праклінайце

Лапцяў ліповых,

Не пагарджайце

Лапцяў лазовых.

 

З імі шануйце

Цяжкую працу,—

Лапатнік корміць

Пана з палацу.

 

З часам жа лапці —

Гаю, ой, гаю! —

Выпра дастатак

З нашага краю.

 

Людзі абуюць

Боты, камашы;

Прыйдзе загуба

На лапці нашы.

 

Але адзін хоць

Мусіць застацца,

Ў цэркве завісне

Дый на падкладцы.

 

Вушкам, аборай,

Скурай пад сподам

Памяткай будзе

Прышлым народам.

 

Будзе ён сведчыць,

Як у няволі

Кепска жывецца

Ў хаце і ў полі.

 

Як людзей сотні

Лапці цягалі,

Каб багачы ўсе

Ў золаце спалі.

 

І пройдуць леты,

Многія векі,

Зменяцца людзі,

Можа, і — рэкі.

 

Лапаць жа будзе

Ў цэркве вісеці,

Люд аб ім будзе

Песенькі пеці.

 

[1905-1907]


[1905-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан