epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Лясная царэўна

Далёка — міль многа ад вёскі-сяла —

У лесе зялёным царэўна жыла,—

Царэўнай зялёнага лесу была,—

Жыла вечна ў ім, панавала над ім.

 

Твар мела святлісты, як неба узор,

Карону насіла, сатканую з зор,

З лісточкаў зялёных яе быў убор.

Павеўнай была, як імгла, як той дым.

 

Сама, як нягаданых казак напеў,

Век слухала лесу, што гімны ёй пеў,

З ёй цешыўся разам, з ёй разам цярпеў,

І вечар, і раніцу з ёй спатыкаў.

 

Яна — як багіня (а лес той — як цар),

Купалася ў росах і ў каплінах хмар,

Праменнямі сонца ўцірала свой твар,

А вецер ёй косы часаў, заплятаў.

 

За хмараю хмара, бег летаў і зім;

Агністыя зоры на небе нямым

Яе цалавалі паглядам сваім,

Яе, ненаглядную думку маю.

 

За песняю песня лунала над ёй

І казкі луналі таемнай сям’ёй.

Царэўна мая ты, зялёны лес мой,

Я вашы і песні, і казкі пяю!

 

«І ночкай, і днём — перад сном, пасля сна —

Я тут каралеўна,— такпела яна,—

Я тут, як сіротка, паную адна,

Не маю з кім баяць у гэтай глушы!

 

Галінкі лясныя, паслушныя мне,

То клоняцца ў дол, то шумяць ў вышыне,

Адно гаманяць аб зіме і вясне,

А сэрца няма ў іх, няма ў іх душы.

 

Кароне маёй ўсё чагось не стае...

Што значаць мне белыя грудзі мае,

Мой голас, што досвітнай птушкай пяе,

Агністыя вочы і рукі, як хмель?

 

Грудзьмі прытуліцца не маю к каму;

Хто чуе, як голасам долю кляну?

Хто бача, як відню вачамі я цьму?

З кім лягу, рукамі абняўшы, ў пасцель?»

 

А лес ёй шапоча лісткамі штодзень:

«Царэўна мая ты, мой выснены цень,

К каленям тваім, згнуты сам да калень,

Люблю і малюся, як Богу, табе!

 

Ці ж мала адданы табе я ўвесь час? —

Сваіх не шкадую расквечаных Крас,

Лісткамі ўбіраю ў квяцісты абраз,

Цалую, мілую ў пакорнай мальбе!

 

Ад вока благога цябе бараню,

Гадую спявачую птушак радню,

Шумлю аб табе на свет цэлы і сню

Аб сонейку, роўным тваім хараству;

 

Улетку ўбіраю ў расцветы галін,

Зімою — ў брыльянты пушаных сняжын.

Зімою і ўлетку я — верны твой сын,—

З табою табою, царэўна, жыву.

 

Чаго ж не стае табе ў гэтай глушы?

Ты жджэш чалавечага сэрца й душы.

Падумай, царэўна, і дум не сушы,—

Ты згінеш, як знойдзе цябе чалавек!

 

Я чую — ўжо гоман плыве з-за гары,

Ўжо точаць там людзі свае тапары;

Хто ведае, можа, апошняй пары

З табой дажылі і загубім свой век».

 

Так пела царэўна, так лес адпяваў;

Ёй людскіх хацелася ўцехаў, забаў,

Ён толькі яе знаў, яе мілаваў

І сеяў няверу ў яе да людзей.

 

О, лес мой зялёны, о, родны ты мой!

Лясную царэўну сваю супакой,—

Ўжо ёй не мінуці дарожкі людской,

Ўжо прыйдзецца збыцца кароны сваёй!

............................................................................

1910


1910

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан