epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Лясное возера

Дрэмле абсаджана лесам адвечным,

Цінай засланае возера ў лесе;

Шастае сціха асока і аер,

Нудныя казкі куст з кустам шапоча.

 

Сосны і вязы, дубы і асіны

Вокала возера вартай пасталі,

Долу ківаюць паклоны нямыя,

Небу малітву таемную твораць.

 

Возера! Возера! Йду к табе смутны

Соннаю пушчай, амшалаю сцежкай,—

Жоўтае лісце шасціць пад нагамі,

Шчокі калючка сасновая шчыпе.

 

Сам з сабой насам пад дубам саджуся,—

Вочы і думкі пабеглі далёка...

Сцішна над возерам, воблачна ў небе...

Недзе запелі Узвіжанне гусі.

 

1919


1919

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан