epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Летапіснае

Прысвячаю дзесяцігоддзю БССР

 

 

На магілах ваякаў,

Што ляглі за Саветы,

Ты, Рэспубліка, ўстала

І ўсяму свеціш свету.

..........................................

Былі годы няволі,

Былі жудкія годы,

Людзі ў ёрмах марнелі

Без шчаслівай прыгоды.

 

Вораг польскі і рускі

Шчыра множыў курганы,—

Не было Беларусі,

Толькі быў «Край забраны».

 

Расіяне, палякі

Ды французы і шведы

Беларускай крывёю

Палівалі край гэты.

 

Былі жудкія годы,

Яшчэ горшых даждалі,

Як вайны усясветнай

Пракаціліся хвалі.

 

Бітву ўзнялі цараты

За таляры і троны,

Безліч кінуўшы люду

У прадсмяротныя стогны.

 

І пакрылі руінай

Нашы землі і хаты,

А народ зрабавалі,

Як разбойнікі-каты.

 

...Што за хмара такая

Пхнецца, як вокам кінуць? —

Беларускі люд бедны

Пабрыў «бежанцам» гінуць.

 

Рэвалюцыя. Воля.

Верх узяў пралетарый...

Беларусь, як жабрачка,

Брыдзе з «бежанства» хмарай

 

Сцяг чырвоны над Мінскам,

А з ім — гімн міжнародны...

Абвяшчэнне Саветаў:

БССР быць свабоднай...

 

А паляку не спіцца,

З боем прэцца, як змора;

Яму панскую Польшчу

Дай «ад мора да мора».

 

Арол белы над Мінскам,

А з ім польскія дары:

Катаванні, пагромы,

Шыбяніцы, пажары.

 

Адступіў ўрэшце вораг,

Але ў спадках пакінуў

Папялішчы ў сталіцы

І руіны, руіны...

 

А далей, як бы мала

Усіх гэтых няшчасцяў:

Рыжскі мір перарэзаў

Беларусь на дзве часці.

 

За слупамі з арламі

Беларусы пад панам,

Далей ёрмы валочуць,

Звоняць гулка ў кайданы.

..............................................

На магілах ваякаў,

Што ляглі за Саветы,

Ты, Рэспубліка, ўстала

І ўсяму свеціш свету.

.............................................

Беларусь, маё сэрца,

Залатая краіна,

Як нявольнік з няволі,

Паўстаеш ты з руінаў.

 

За будынкам будынак,

Як той лес, узрастае,

І замежны парадак,

Як лазою, хістаеш.

 

Ты прывабіш сабою,

Сваім ладам зарэчным

Беларусь з-пад прыгону,

З-за слупоў пагранічных.

 

Безаглядна, няспынна,

З маладняцкім разгонам

Думкі новыя й долю

Нясеш нашым загонам.

 

Зарунеюць палеткі

Рунню буйнай, сачыстай,

Людзі працу ўшануюць

Беспрыгонна, ўрачыста.

 

Нацыянальная сварка

Ўжо ў нас месца не знайдзе

Чалавек чалавеку

Будзе братам папраўдзе.

 

А гудкі і жалейкі

Тваіх местаў і сёлаў

Запяюць адназгодна,

Пераможна, вясёла.

 

І ніхто ўжо не зможа

Ані ў якай прыгодзе

Налажыць табе путы,

Беларускі народзе.

.............................................

На магілах ваякаў,

Што ляглі за Саветы,

Ты, Рэспубліка, ўстала

І ўсяму свеціш свету.

 

1928


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан