epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

«Лірнік вясковы»

Памяці Ул. Сыракомлі

 

 

Не аб шумна-разгульнай бяседзе-вяселлі,

Не аб славе забытага краю,

Не аб віхрах і бурах, што светы цярпелі,

Гэту песню сягоння складаю.

 

Выліць думку хачу — хай снуе у бязмеры —

Думку-памяць, што ў сэрцы залегла,

Аб той зорцы, што некалі з добраю верай

Над зямелькай яснела і збегла.

 

Аб музыцы, што лірай сваёй чарадзейскай

Мне ў душы светач выклікаў новы,

Каб жыла, хоць на час, красай кветкаў-пралескаў,

Як жыве вечна Лірнік вясковы.

 

*

Над Віллёй, дзе сталіца была Гедыміна,

На магілках, што Роса завуцца,

Курганок там убачыш, пакрыты дзярнінай,

Над дзярнінай бярозкі трасуцца.

 

Сумна шэпчуць галінкі зімою і летам

Аб жыцці, пахаваным пад імі;

Людзі ходзяць маліцца над насыпам гэтым,

Пасвянцаці слязамі жывымі.

 

Пяцьдзесят раз у зелень вясна спавівала

Ніву нашу і насып жвіровы,—

Над курганам тым сэрцаў мільёны шаптала:

Дай Бог рай табе, Лірнік вясковы.

 

*

На зялёным цвітучым лагу-сенажаці,

Гэт пад лесам, за вёскай бядачай

Песню-музыку сумную здаля чуваці:

Пастушок там на дудцы так плача.

 

Звоніць коскай касец, толькі водгалас льецца,

Сам, як колас, хістаецца ў полі...

На загоне жняя над снапочкамі гнецца;

Сонца іхнай дзівуецца долі.

 

Пастушок, і касец той, і жнейка-дзяўчына,

Пахіліўшы маркотна галовы,

Тую песню пяюць, што мінуўшай часінай

Ім аставіў іх Лірнік вясковы.

 

*

Песні гэтай знаём і палац мураваны,

Што ў хмяліных бялее павоях,

На пачэсным кутку засядае жаданай —

Мілай госцяй ў багатых пакоях.

 

І ў засценку шляхоцкім, што з вёскаю блізкай

Тую ж долю-нядолю гадуе,

Гэта песня плыве над ліповай калыскай,—

Гэтак маці над дзіцем бядуе.

 

З маткай рэчка і вецер па-свойму запелі,

Зашумеў бор зялёны, сасновы,

Як бы тыя напевы яны зразумелі,

Што злажыў чуйны Лірнік вясковы.

 

 

*

А калі ты, гаротнік, туляч беззямельны,

Будзеш доляй закінут у горад,—

Ты пачуеш і там голас той непаддзельны,

Што спаткаці, пачуць быў даўно рад.

 

Ці сіроткі, к сцяне прытуліўшысь халоднай,

Ноч праводзяць, усходу чакаюць,

Ці няшчаснага ўбачыш, як гнецца галодны,—

Ты спытай — яны Лірніка знаюць.

 

Там і сіняя мгла, як настануць марозы,

На муры сее пух брыльянтовы,

Быццам тыя праўдзівыя светлыя слёзы,

Што калісь выліў Лірнік вясковы.

 

 

*

Ўсюды Лірнік сваёй чарадзейскаю лірай

Думкі-чары, як кветкі рассеяў,

І ці ўмёр, ці жыве між людзьмі далей шчыра

Адгадаці малая надзея.

 

Час патрапіць усё пакрышыць, адалеці,

Путы нават змарнеюць у плесні,—

Покі ж будзе душа хоць адна жыць на свеце,

Будуць жыці і лірнікаў песні.

 

Будзеш жыць! Будуць векі ісці за вякамі,—

Не забудуцца дум тваіх словы,

Як і слоў беларускіх, жывучы між намі,

Не забыўся ты, Лірнік вясковы.

 

[1912]




Беларуская Палічка: http://knihi.com