epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Мая малітва

Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,

Распетаю буду маліцца душой,

Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі

Ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй.

 

Я буду маліцца да яснага сонейка,

Няшчасных зімой саграваць сірацін,

Прыветна па збожных гуляючы гонейках,

Часцей заглядаці да цёмных хацін.

 

Я буду маліцца да хмараў з грымотамі,

Што дзіка над намі гуляюць не раз,

Каб жаль над гаротнымі мелі бяднотамі,

Градоў, перуноў не ссылалі падчас.

 

Я буду маліцца да зорак і жаліцца,

Што гасяць сябе надта часта яны,

Бо чуў, як якая з неба з іх зваліцца,

З жыцця хтось сыходзе на вечныя сны.

 

Я буду маліцца да нівы ўсёй сілаю,

Каб лепшаю ўродай плаціла за труд,

Збагаціла сельскую хату пахілую,

Надзеі збытымі убачыў наш люд.

 

Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,

Распетаю буду маліцца душой,

Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі

Не вылі над роднай зямлёй, нада мной.

 

5 ліпеня 1906


05.07.1906

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан