epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Мая малітва

Ва ўсяку мінуту, ва ўсякай патрэбе,

І ў полі шырокім, і ў вузенькай хатцы

Малюся я гэтаму сонцу на небе

І зоркам, што ночкай мігцяцца.

 

Малюся свабоднаму ветру — віхуры,

Што лётае птушкай ад краю да краю,

І пасвіць у высях панурыя буры,

І ў комінах песні іграе.

 

Малюся агню я, што сее пажары,

Як стане пара, па нязмераным свеце,

Наводзячы жудасць вялікаю карай,

Пужаючы старцаў і дзеці.

 

Малюся жывучай вадзіцы — разводдзю,

Ў дзень ясны бліскучай, а страшнай уночы,

Што, нівы палошчачы, йдзе, не праходзе,

І хаты, і чоўны друзгоча.

 

Малюся я небу, зямлі і прастору,

Магутнаму Богу — Ўсясвету малюся,

Ва ўсякай прыгодзе, ва ўсякую пору

За родны загон Беларусі.

1912




Беларуская Палічка: http://knihi.com